Старонка:Наша сялянства, яго прыяцелі й ворагі ў літаратурным адбіцьці (1926).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Няпісьменны хацеў-бы апісаць усе зьявы жыцьця ва ўсёй яго шматкалёрнасьці: і радасьць, і гора, і наагул усю душу чалавека, і ўвесь прыгожы бязьмерны сьвет. Але ўсе гэтыя прыгожыя мастацкія імкненьні гінуць цяпер задарма, бо ён чалавек просты, нявучоны.

Непапсаваныя ненормальнымі ўмовамі гарадзкога жыцьця, сьвежыя, здаровыя народныя сілы павінны разьвіць нязвычайную энэргію, як толькі будуць мець вольны доступ да багацьцяў культуры. Уся захаваная ў працягу шматвяковага сну потэнцыяльная энэргія народных мас павінна будзе перайсьці ў кінэтычны стан і ўтварыць вялізарны росквіт культуры.

У тых галінах мастацкае творчасьці, якія й цяпер даступны народу, ён дашоў да дасканаласьці як у сэнсе тэхнікі мастацтва, гэтак сама і ў сэнсе яго ідэёвасьці.

Гэта мы бачым, напрыклад, у народных сьпевах ды, наагул, у народнай музыцы.

У вершы „Вясковы скрыпач“ („skrzypak wioskowy“) мы знаходзім народныя погляды на мэты й сутнасьць мастацтва.

— „Раней, чым я аддам у твае рукі гэтую скрыпку, кажа скрыпач свайму ўнуку, я… яе пасьвячу, каб ты ня сьмеў зрабіць з песьні нешта агіднае. Хаця часам табе прыдзецца есьці толькі сухі хлеб, будзь скрыпачом для сумленных вясковых бедакоў, як і я быў столькі гадоў“.

Скрыпач іграе на радасьць людзям, а зусім ня выключна з мэтаю атрымаць грошы.

У вершы „Вясковы гусьляр“ („Lirnik wioskowy“) Сыракомля паказвае нам эстэтычную радасьць самога мастака й яго гордасьць:

— „Я адчуваю нейкую радасьць, як быццам нешта йграе ў маім сэрцы адразу і смутна і весела. Я шчасьлівы, багаты, калі ад хаты да хаты праходжу праз усё сяло!“

Калі слухачы адносяцца да мастацтва павярхоўна, не разумеюць яго, мастак усё такі пацяшае сябе думкаю, што яго ацэняць наступныя пакаленьні, што настане час, і яго песьні дойдуць да Дуная й да старога Кіева.

Мастацтва, паводле народнага сьветапагляду, мае ня толькі эстэтычную, але, апроч таго, яшчэ й высокую моральную цану. У вершы „Каралёвы гусьляры“ („Królewscy Lutniści“) мы бачым, як сьпявака пацяшае змучанага горам чалавека й дае