Старонка:Наша сялянства, яго прыяцелі й ворагі ў літаратурным адбіцьці (1926).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яму магчымасьць зноў энэргічна пачаць агульнакарысную дзейнасьць, якая дапамагае ня думаць аб згубленай асабістай долі.

Сыракомля мастацкія імкненьні знаходзіць і ў вясковых рамясьнікоў.

У вершы „Плотнік“ („Cieśla“) мы бачым рамясьніка, які адначасна і плотнік і сталяр. Грамада адносіцца да яго ня надта добра. Удзячнасьці за сваю сумленную працу ён ніколі ня бачыць. Але ён пацяшаецца, папершае, сваёю карыснасьцю для вёскі, а падругое, прыемнасьцю самое працы, бо ў гэтую працу ён уводзіць некаторыя мастацкія рысы. Ён „працуе з прыемнасьцю“. І гэтая прыемнасьць працы (rozkosz pracy) — адзнака сапраўднага мастака.

У цяжкім жыцьці народу адно мастацтва не магло-б перамагчы ўсяго цяжару шматвяковага гора. Патрэбны яшчэ азначаны, сталы сьветапагляд. Гэты сьветапагляд мы ўжо ведаем — гэта ідэолёгія грамады, імкненьне да працы на яе карысьць.

Але найшырэйшае абагульненьне, самую сутнасьць народнае філёзофіі мы бачым у вершы „Далакоп“ („Grabarz“).

Далакоп, наглядаючы кругазварот матэрыі ў сьвеце, думае, што сьмерць яшчэ ня надта вялікая бяда, бо труп дае спажыўныя сокі для расьлін:

„Што адзін згубіць, атрымае другі“. Далакоп глядзіць на ўсё жывое, як на адзіны вялізарны колектыў — „Дружыну“.

Мы ведаем цяпер, што Сыракомля знаходзіць у глыбіні народнае глебы шмат моральнага ды інтэлектуальнага багацьця.

Чаго-ж не хапае народу, што яшчэ яму трэба даць?

Сыракомля думае, што народу трэба даць правы; тую роўнапраўнасьць, аб якой гаварыў Піліп з Канопляў.

Тады народ атрымае адукацыю, грамадзянскія навыкі і ўсебакова разаўе свае сілы й здольнасьці.

У вершы „Старапольскія Каляды“ („Staropolskie Roraty“) Сыракомля тлумачыць заняпад Рэчы Паспалітай у наступных словах:

„Лёс сям‘і станаў зьмяніўся: на каралёў паклалі моцныя ланцугі, духавенства ня мае захапленьня сваёй справаю сэнатары — напойваюць сваіх брацьцяў, шляхта занята бязупыннымі конфэдэрацыямі, вайсковец прыгнятае тых, каго ён бараніў, купец у ліхвярства пусьціў свае грошы, мужычок — падданы гіне ў панскім дварэ”. За ўсе гэтыя грахі страшная труба кліча папсаваную дзяржаву на справядлівы суд“.