Старонка:Наша сялянства, яго прыяцелі й ворагі ў літаратурным адбіцьці (1926).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вось, далей, урачыстае сьвята ў Нясьвіжы, імяніны князя Кароля Радзівіла. Кабета з простага народу павінна зрабіць у сваёй хаце ілюмінацыю ў чэсьць панскага сямейнага сьвята, але ў яе ўласнай сям‘і вялікая трывога ды гора — памірае дзіцятка. А чалавек ад гарадзкога магістрату, прысланы з загадам адносна ілюмінацыі, стукнуў так моцна ў акно, што разьбіў шыбу; сьцюдзёнае паветра ўвашло ў хату і дзіця памёрла.

— Вецер праз разьбітую шыбу дзьме ў калыску майго малойчыка, сьмерць з ветрам прыляцела, бярэ яго, абнімае, а матка выконвае загад. Але не магу сьпяшацца, бо агонь гасьне… а слуга пільнуе… У дванаццатай гадзіне з вежаў замку загучэлі гарматы. Там крычаць: „Vivat“ і п‘юць вэнгерскае віно шмат гасьцей, а тут агонь запальвае ды клапаціцца аб сынку сама зусім хворая матка.

А калі ўсе закрычалі: „Vivat! міласьцівы князь, хай ідзе далей шляхам посьпехаў!“ я сьпяшаюся хутчэй да калыскі, да майго роднага дзіцяткі… але знаходжу ўжо толькі труп!

І доўга, доўга яшчэ буду я помніць усе гэтыя гукі буду я помніць жоўты, як воск, тварык, жоўтыя ручкі, якія здранцьвелі й скасьцянелі“.

Добрыя, спагадныя людзі, прыяцелі „простага народу“ рэдка сустракаюцца сярод вышэйшых станаў.

Аднак-жа і сярод самога „народу“ такія тыпы, як Янка Магільнік, гатовыя служыць ня толькі сялянскай грамадзе, але і ўсякаму бяздольнаму, пакрыўджанаму, прыдушанаму горам чалавеку — спатыкаюцца нячаста; Мы ўжо бачылі, якое прыймо чакала Янку ў роднай вёсцы, калі ён прышоў туды нікому непатрэбным, старым, адстаўным вайскоўцам.

На чым-жа тады ўгрунтаваў Сыракомля сваю веру ў вялікую духоўную моц народу?

У народзе ёсьць яшчэ шмат здольнасьці, якія пакуль што нявыкарыстаны. Народ нявучоны, няпісьменны, але ён больш ня хоча заставацца ў гэтай цемнаце. Яго духоўная моц патрабуе працы, яго душа хоча духоўнае стравы. Гэтакі тып простага чалавека, поўны потэнцыяльнае энэргіі, тып бязумоўна ідэальны, прадставіў Сыракомля ў сваім вершы: „Няпісьменны“ („Niepiśmienny“);:

„мне не зайздросна нікаму іні ў чым на сьвеце.

У вадным толькі я магу позайдросьціць вам, гэта ў тым, што вы, панове, умееце пісаць. Калі я навучуся добра пісаць, дайце мне пяро ды аркуш белае паперы, — вось-бы яно лятала ды лятала, усё роўна як маланка па цёмным небе“.