Старонка:Наша сялянства, яго прыяцелі й ворагі ў літаратурным адбіцьці (1926).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У вершы „Lalka“ маленькая дзяўчынка гаворыць: „У свята… мамачка дасьць мне новую вопратку і ружовую стужку ў касу. Тады я буду ведаць напамяць францускія малітвы, і мы паедзем у касьцёл. Вось будзе дзівіцца ўся грамада простых людзей, бо яны не разумеюць гэтых замежных слоў… памалюся я аб тым, каб мне хутчэй расьці ды прыгажэць“.

Хоча яна памаліцца і аб тым, каб бацькі яе мелі шмат грошай“.

— „За гэтыя грошы, кажа яна, мы купім чатыры вёскі мужыкоў, каб яны для нас і жалі й касілі… — „Учора“, апавядае далей дзяўчынка, татка паабедаў ды паклаўся спаць, а яны зусім няпрыгожа й непатрэбна ўвашлі, запэцкалі падлогу, крычаць, як быццам нейкія мядзьведзі: „Хлеба, паночак, дай хлеба!“ Зразумела, загадалі іх біць… і зусім справядліва“.

Шляхта вельмі часта зьяўляецца лютым, бязьлітасным ворагам народу:

— „Бараніць нізкія вясковыя стрэхі, пабіць на галаву крымскіх бандытаў — вось як уяўляў сабе плян усяе справы вяльможны гетман польнае булавы. Але, забясьпечаны ў сталёвым панцыры, ня кожны рыцар бывае сумленным. Панцырная шляхта й слугі цэлым атрадам пашлі па вёсцы; рабуюць яны братнія хаты й сусекі; рабочых валоў рэжуць сабе на вячэру; крыўдзяць прыгожых вясковых дзяўчат і яшчэ б‘юць, калі якая-небудзь заплача. Толькі сьмяецца з крыкаў і стогнаў вяльможны гетман польнае булавы“.

Бязумоўна, ня толькі ў заможных клясах сустракаецца „мяшчанская“ псыхолёгія. Гэта — зьява штодзенная, яе можна ўсюды лічыць вельмі звычайнаю.

Герцэн гаварыў нават, што „ў самой прыродзе шмат мяшчанства“.

Большасьць народнікаў прызнавала гэтую паўсюдную перавагу „мяшчанства“, хаця Герцэн пэўны час верыў, што „мужыцкі кажух“ не паддаеца гэтай заразе.

Сыракомля ў сваім вершы „Нявіннай душачцы“ („Niewinnej duszyczce“) апісвае мяшчан ня вельмі шкадлівых, зусім неакрутных, а ўсё-ткі ні да якое справы няздольных. „Старосветские помещики“ Гоголя, або „Сон Обломова“ Ганчарова могуць даць нам уяўленьне аб падобных тыпах. Гэтыя людзі прынцыпова ня цікавіліся нічым рашуча, апроч сну, яды й гарэлкі. Але й гэтая няцікавасьць зьяўляецца прычынаю шмат чаго дрэннага.

Часта бывае, што панская забава каштуе горкіх сьлёз мужыком. Вось, напрыклад, мядзьвежы загоншчык Хадыка (у поэме „Chodyka“) забыўся высачыць ды загнаць мядзьведзя для панскіх ловаў. З гэтае прычыны ён зрабіўся зусім бяздольным чалавекам і дашоў да злачынства.