Толік расшавяліўся. Ён, нечакана для самога сябе, звонка плюнуў.
— Гэта ня вашая справа.
Эна Карлаўна разьвяла рукамі. У габінэце мацней запахла жаночым — церпкім — потам, парфумай і віном.
— Наогул я-б ня раіла табе прыходзіць дахаты тады, калі ў мяне госьці. Ты — брыдкае стварэньне, ты абрыдзеў мне, ты мне перашкаджаеш… — Яна нават захвалявалася, голас афарбаваўся злосьцю (фарба-ж жаночай злосьці
цьмяная, густая). — Ідзі, ідзі на вуліцу, там твае таварышы, а я рукі абмываю, вось што.
Толік усьміхнуўся. Было цёмна, а хацелася, каб гэту ўсьмешку ўбачыла Эна Карлаўна: для гэтага ён проста чмыхнуў — атрымалася соліднае «ха!»
— Сьмейся, сьмейся, нягодны мальчышка. Столькі часу змарнавала, каб зрабіць з цябе чалавека.
— А сама б…ш, — гіронічна кінуў Толік.
Эна Карлаўна была разьбіта ўшчэнт. Абураная яна ўскочыла з крэсла, падбегла да Толіка, учарэпілася за валасы, дзёрнула.
— Вось табе, вось табе! Паспрабуй крычаць толькі, дык яшчэ горш будзе.
Толік адбіваўся. А яна — вялізарнае тулава — ішла на яго, біла, тупа паўтараючы адно і тое-ж:
— Вось табе, вось табе!
Раптам яна крыкнула. Дзіка. На ўвесь пакой. У гэты-ж момант каля Толіка вырас Рубан.
— Уцякай!
Толік паімчаўся да дзьвярэй (бачыў: Эна Карлаўна грузка асела на падлогу), праз калідор, кухню, па прыступках — на двор.
Наверсе быў пярэпалах.
12
Ехалі.
Тарахцелі колы па даўна нячыненым шляху (каменьне павыварочана, тэлеграфныя слупы ўпоперак дарогі) — рытмічна хадзілі пад скурай конскай рэбры, дымілася сьпіна конская.