Паабапал шляху — курганы сьвежыя, не пасьпела зямля патрэскацца на сонцы, паабапал шляху — магілы невядомых, нятутэйшых, з чужадальняй стараны.
Ехалі.
Потым-жа ня было пэўнае надзеі: даедуць да шчасьця, стрэне гэтае шчасьце ў дарозе (аджа — хто ведае, дзе блудзіць-ходзіць гэтае шчасьце), і не адзін чалавек, напэўна,
думаў: можа шчасьце ў сьвежых курганкох закапана?
Ехалі.
Абагрэтыя сонцам (прымруж вочы і зірні так на сонца: крывёю налілося яно), абвеяныя пяском (пясок на бойнай дарозе — белы) і ветрам, абамытыя дажджамі (тымі, кірунак
якіх войстрым кутом вызначаецца, — дажджы пад войстрым кутом бываюць дынамічнымі, войстрымі, як і кірунак, дажджы такія колюць цела, сякуць яго).
Як адпачывалі коні (тут-жа, пры дарозе), сядзелі моўчкі, унурыўшы ў плечы галовы, маўчалі ўпарта, бо перагаворана-ж было нямаведама колькі, бо ніхто-ж ня ведаў, якая
наперадзе будзе дарога — ці скора канец ёй, ці не.
Як адпачывалі коні (тут-жа, пры дарозе), тады жанчыны ціха ўспаміналі тое, што пакінулі, ад чаго адарваліся, успаміналі ў соты, у тысячны раз.
— Потым неяк ажыліся на новым месцы…
— Жыць пачалі…
— Лепшага каня набылі…
— Кароўка ацялілася…
І аднойчы — прыстанкам — хваляй пайшоў па вазох жах. Было-ж вазоў няшмат — дванаццаць-трынаццаць — і хваля (яна ішла ад ззаду) неўзабаве дакацілася да пярэдняга:
— ЧОРНАЯ ВОСПА!
На шасейнай дарозе (можа пад Магілевам, ці Бабруйскам, а мо’ пад Баранавічамі — гэта ўсё адно) узьнік новы курганок, на якім невядомая рука зрабіла з вецьця крыж. Чалавека з задняга возу — (быў гэты чалавек ростам з сажань, дужасьцю раздаліся ў бакі плечы, барада ў чалавека расла густая, нібы шчыр-бор, дый колер яе быў колерам зямлі) — абвярцелі ў посьцілку, посьцілка закрыла твар (чалавека ня-