афіцэр важыўся пацалаваць яе ў губы, яна — са сьмехам — ухілялася ад пацалункаў, — афіцэр люцеў. Навокал-жа: рагаталі, крычалі, сьпявалі, лаяліся, чокаліся, а ў гэты гармідар лузаўся танклявы голас маладога паручніка:
— Панове! Панове!
Яго ня слухалі, ён пастаяў колькі хвілін, чакаючы на цішыню, потым перакуліў чарку і, зьвесіўшы галаву, засьпяваў напаўголаса:
Jeszcze Polska nie zginęła, |
Адняў вока ад шчыліны. Ціха — на пальцах — прайшоў у кухню, асьцярожна адчыніў дзьверы і стрымгалаў спусьціўся па прыступках.
— Hу?
— Тпру.
— П’юць?
— І нам не даюць.
Ляконічныя адказы Толіка ня дужа спадабаліся таварышам і яны настойлівей узяліся за допыт.
— А немка твая што робіць?
— У паляка на каленах сядзіць.
— Б…е, — зьняважліва заўважыў адзін з хлапцоў.
— Гэта якраз і лепш. Пройдзем у габінет. Яны не заўважаць. Што трэба возьмем — і гайда.
Адзін за адным падняліся наверх. Толік ішоў наперадзе, паказваючы дарогу астатнім. Двое засталіся на варце: адзін ля дзьвярэй, другі на кухні, схаваўшыся паміж шафамі. Толік з Рубанам прайшлі ў габінет, нажом ускрылі шуфлядку ў пісьмовым стале, доўга абмацвалі рукамі. Засоўвалі ў кішэні. Рыпнула палавіца. Яны прыслухаліся. Нехта ішоў у габінет. Рубан шмыргнуў за высокае крэсла. Толік здэтанавана застыў на месцы.
Трымаючыся за порт’еру, у дзьвярох стаяла Эна Карлаўна. Яна ўтаропілася ў Толіка, важачыся добра разглядзець яго.
— Так, так, малады чалавек. Надзвычайна добрыя вашы паводзіны прымушаюць мяне ўжыць больш строгія мэтоды выхаваньня.