Перайсці да зместу

Старонка:Наша сонца (1932).pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— — там: Стаход, цэнтр раёну суцэльнай колектывізацыі; комсамольцы — мілыя Патапенкавы комсамаляты, — там! Гэта там! А тут — у газэце — кавалак таго, стаходзкага, таго, што «там», таго, што болем азвалася па ўсёй істоце (— нават больш, чым прозьвішча бацькі — роднага бацькі! — сярод імён ворагаў рэволюцыі), кавалак чорнага корпусу:

… «быў забіты пасьля сходу жыхароў м. Стаход, на якім організаваўся колгас «Чырвоная Гайна» і на якім першым выступіў супраць кулакоў Кранцэвічаў. Кулакі вырвалі з комсамольскіх рагаў адданага барацьбіта, радавога героя нашай соцыялістычнай будоўлі, добрага організатара»…

І боль узмацняўся, павялічваўся, а мацней за яго, дужэй, акрэсьленей — нянавісьць. Ня верыў. Перачытаў яшчэ раз скупыя радкі чорнага корпусу:

«Мікола Другач быў забіты пасьля сходу»…

І тады зразумеў Анатоль гэты крык чалавека, што чуў нутром, развагай, розумам, зразумеў гэты крык, бо быў крык — крыкам навакольнага, крыкам Краіны, крыкам Рэспублікі, крыкам трывогі:

на франтох Рэспублікі ёсьць прарывы, — мацней, таварыш, паддай плячом, мацней сьціскай у руках вінтоўку і стырно!

Крычыць Рэспубліка маладому свайму пакаленьню:

— Трывога! На франты пяцігодкі!

Усхапіўся. І пайшоў — праз вуліцу, праз пляцы, праз натоўпы — пайшоў туды, адкуль даносіўся гуд заводзкае сырэны.

9

На трыбуне быў Анатоль.

Ёсьць нешта грознае ў прыхлупленай напружнасьці цішыні вялізарнай аўдыторыі: сотні людзей, стаіўшы дыханьне, слухаюць цябе аднаго, і — ведаеш ты: сотні людзей гэтых табе падначалены ў дадзены момант, ты — кормчы іхны, ты — іхны стырнавы. Ёсьць вялікая радасьць чалавечая ў адчуваньні гэтым, і тады як адчуеш радасьць кормчага, стырнавога —