Перайсці да зместу

Старонка:Наша сонца (1932).pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— — … «у першую чаргу трэба высьветліць характар найбольш старадаўняга пэрыоду гістарычнага разьвіцьця»… — —

— Ну, ідзі… заяўляй на бацьку… Цябе-ж нічога ад гэтага ня прыбудзе, карысьць невялікая…

Ірвануўся ўсім тулавам да яго, але стрымаўся, бо зразумеў, што рух гэты бяссэнсавы. Адкінуў назад валасы, што назальліва лезьлі ў вочы. Крыкнуў:

— І гэта твая чыстая навука? Ах, бацька, бацька! Значыцца, ты і твая навука толькі шыльда для контррэволюцыйнай работы! — у хваляваньні хадзіў па пакоі, адкідаў валасы, сьціскаў сударгава рукі. — Які я дурань, ах, які я дурань! Як гэта я раней ня бачыў, не разумеў, што мы з табой… чужыя, што ты — труп, жывы мярцьвяк…

— Анатоль! Ты… Глядзі, каб не шкадаваў потым.

— Чаго гэта? — Абарваў свае нэрвовыя крокі. — Чаго гэта шкадаваць? Хіба ты думаеш, што мерцьвякі, такія, як ты, здолеюць перадужыць жывых людзей, маладосьць? Які ты нікчэмны, сьляпы!..

Вось гэтае хваляваньне, што перарасло ў нянавісьць (у нянавісьць да сына!) раптам акрыяла старога профэсара, сілы надало, і не здавацца, а наступаць, наступаць, наступаць штырхала яно — гэтае хваляваньне.

— Ты не сваімі словамі кажаш, Анатоль, чужымі словамі! Так мне дрэнна і цяжка жыць, так, нам дрэнна і цяжка. І хіба мы ня маем права стаць на чале нашай нацыі?

— У вас няма нацыі. У вас нічога няма… Разумееш? Нічога! Вы прадажніцкія душы, вы гатовы нацыю сваю прадаць за злоты… Ты зірні ў газэту, ты паглядзі, чым жыве наша краіна. Хіба ёй патрэбна твая царкоўная орнамэнтацыя? Ты, бацька, прызнайся, колькі людзей ты скалечыў у інстытуце, колькі людзей ты выпусьціў, якія ня ведаюць, што ім рабіць у жыцьці, як ім жыць!

Профэсар абціраў вялізарнай насоўкай спацелы свой твар.

— Газэты, кажаш? — Ён усьміхнуўся. — Хто гэта ня ведае, што цягнікі павінны адыходзіць без спазьненьня. Навошта аб гэтым пісаць у газетах? А людзей… людзей я не калечу.