Перайсці да зместу

Старонка:Наша сонца (1932).pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Я выхоўваю іх так, каб яны маглі заняцца навуковаю працаю…

— І вывучаць заімшэлыя абразы?!

— Эт, — махнуў рукой профэсар Шастакоў. — Вось і асьпірант мой… Бурлак… тое-ж самае кажа. Вы маладыя завельмі, галубочкі мае, і ня вам вучыць мяне. Так, навуковая праца для ўсяго чалавецтва!

— А выкананьне прамфінпляну?

Профэсар ня вытрымаў. Ён падышоў да вакна і расчыніў яго. У пакой уварваўся вулічны гуд; ішлі трамваі, азначаючы звонам сваю хаду, крычалі газэтчыкі і рамізьнікі, а здалёк — з рабочай ускраіны — гула сырэна.

— Хопіць, Анатоль. Адно скажу… Калі ты супраць мяне, дык можаш ісьці заяўляць… Можа ўзнагароду і атрымаеш.

Уздрыгануў усім целам Анатоль, кінуў на маленькую бацькаву постаць позірк (— у позірку гэтым была пагарда —) і, выбягаючы з пакою, кінуў:

— Ты — мярцьвяк бацька… А я жывы, разумееш? — жывы і… і буду жыць! Ты — мярцвяк! Ты да ўсяго — вар’ят! І ты мне ня бацька, вораг, мой вораг. Усё!

7

Шыхтэр сядзеў у сваім габінэце, чытаў вынікі рабкораўскага налёту на мэханічны цэх, курыў папяросу за папяросай і яго падмывала хваляваньне. Ён некалькі разоў намагаўся кінуць гэтыя вынікі, заняцца чым хаця іншым, але тон вынікаў быў катэгорычным, трывога была ў іх, і Шыхтэр паўз волю чытаў, перачытваў, нанова.

Нарэшце ён рэзка адсунуў крэсла, на якім сядзеў, устаў і падышоў да тэлефону. Выклікаў Карновіча, а яго ня было на заводзе, і дырэктару паабяцалі знайсьці яго. Ушчэнт раззлаваны, ён бразнуў тэлефоннай трубкай і пайшоў у механічны. Тут, здавалася усё было звычайным. Людзі за варштатамі рабілі сваю справу, як і належала ім, майстар Гойка хадзіў ад варштата да варштата з заклапочаным выразам твару, — майстар Гойка працаваў, а зусім не прагульваў, зусім ня лодырнічаў, як пісалі аб гэтым рабкоры.