Перайсці да зместу

Старонка:Наша сонца (1932).pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

горад, спаткаўся з бацькам — і плакаў пасівелы профэсар на сыновых каленях, скардзіўся на вырок жыцьцёвы свой.

— Памылка была, Толя, марыва… Думаў, спадзяваўся, каб як знайсьці месца, варункі для свайго… для працы сваёй… Ня верыў я ў скіфскі набег гэты… Мужыкоў толькі і бачыў, руйнаваньне, аплёўваньне культуры, скарбаў яе, здабытых стагодзьдзямі… Вось, Толя… — нэрвічнай чырваньню наліваліся бацькавы вочы. — Страціў Лёву… Так… А ты, ты таксама пойдзеш ад бацькі?..

І — два сьветы ў Анатоля зрабіліся праз яго-ж слабасьць (ён гэта разумеў добра): адзін сьвет быў, праўда, маленькім і нязначным — ён пачынаўся за дзьвярыма Анатолевага пакою, у кватэры бацькі, у габінэце і сталовай пачынаўся ён. Ня варта было-б і думаць аб ім, але гэта-б азначала — ня лічыцца з бацькам, а крыўдзіць старога профэсара, «татуся» — гэта было-б жорсткасьцю, жорсткасьцю моцнага (— таму што была маладосьць) да слабога. І гэтую слабасьць бацькаву любіў Анатоль, але любіў сваяасаблівай любоўю, бо бацьку зразумеў, пазнаў яго толькі цяпер, пазнаў праз уласную сваю-ж слабасьць.

Маладосьцю, віхурнай моцаю, агнямі заводзкіх карпусоў, песьнямі таварышоў і працай, працай, працай п’яніў, хмяліў Анатоль другі сьвет, сьвет ягоны.

У той дзень прышоў Анатоль дадому позна. — Адразу пасьля унівэрсытэту, пасьля, гарачай дзелавой сьпешкі чарговага паседжаньня, дзе ён адстойваў свае прынцыпы, ён паехаў у заводзкі клюб. Ішоў кіно-сэанс. На экране, проста на гледача, ішлі танкі, імчаліся коні, на экране жылі прыгожым сваім жыцьцём, змагаліся і паміралі людзі. Умовіўся аб рабкораўскім налёце і, ушчэнт змораны, прыехаў дахаты.

Профэсар быў у габінэце. Анатоль прайшоў у свой пакой і быў зьдзіўлены тым, што ў ім — у пакоі — гарэла сьвятло. «Здаецца, удзень не гарэла»… Але новая — праўда, дробная — нечаканасьць сустрэла яго: працягнутая да паліцы рука не намацала патрэбнае кніжкі, — кніжку — том Мэрынга — знайшоў на падлозе.

— Чорт пабяры, — траха што ня ўголас зьдзівіўся Анатоль. — Няўжо тут бацька быў?