Перайсці да зместу

Старонка:Наша сонца (1932).pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Падыходзячы пад райком, убачылі людзей, учулі нэрвовыя галасы. Спрачаліся аб нечым людзі і відаць было: спрэчкам гэтым канца няма.

— Комсамольцы ўсе? — запытаўся Шастакоў, узіраючыся ў заспаны шэры Андрыенкаў твар.

— Хто застаўся ў мястэчку — усе. Трэба хутчэй рабіць. Покуль яшчэ пагранічнікі прыдуць. Вада ідзе ды ідзе.

Вецер ірвануў крысы паліта з такой сілай, што Шастакоў ледзь не зваліўся на зямлю.

— Таварышы! Комсамольцы! — крыкнуў ён і вецер узмацніў, рэзонаваў ягоныя словы. — Зараз-жа на бераг разгружаць лес. Калі вада будзе прыбываць з гэткай-жа сілай — яна размые штабелі і экспортны лес сплыве за мяжу. Вы разумееце, што гэта азначае?

— Гайда! Покуль трымаецца мост — мы можам што хаця зрабіць!

— Хіба мост ня вытрымае?

— Пазалетась-жа скрануўся, а вады тады было куды менш.

— Ну, дык пайшлі!

Адзін за адным пабеглі ўніз па адхону. У шархатаньне дажджу і візгатлявы лемант ветру ўрэзаўся і запанаваў домінуючай мэлёдыяй вой рачной быстрыні. Чорнай прорвай ляжала перад імі рака, і па тым, што гэтая чорнадзь патанала на тым беразе ў змроку, кожны зразумеў, што лугі ўжо заліло, што вада пагражае масту, млыну і лесу.

— Гэта што азначае? Пойдзе экспортны лес — пойдзе валюта!
Аграмадзіны складзенага ў штабэлі лесу наплылі на комсамольцаў з мокрага сутоньня. Сьцены цытадэлі сярэднявяковай нагадвалі штабэлі. Пэрспэктыва іх гублялася ў змроку, і таму грознымі, неабдымна вялізнымі здаліся яны.

— Тааак, — зусім ціха сказаў нехта і гэтае «тааак» трэба было разумець ня іначай, як: «Скрані! Паспрабуй».

— Хлопцы! Раскідай крайні!

— Не марудзь, — падхапіў нехта. — Вада вэнь як разгулялася!..