Перайсці да зместу

Старонка:Наша сонца (1932).pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Беня-балагол агледзеў скуранае сядзеньне, выцер яго, прыладзіў да калёсаў. Чарга была за палатнянай будай.

— Соня, трэба зашыць буду.

Вучні хадзілі з настаўнікам за мястэчка і прынесьлі ў школу пук вярбы з пяшчотнымі — жаночай цяплыні — пукаўкамі.

Праз Стаход ішлі цёплыя вятры.

19

Званок урэзаўся ў сон, пераблытаў дзівосную ягоную каруну, прымусіў скінуць коўдру і прыслухацца да цішыні. У муту вакон біў часты дождж, раз-по-раз налятаў вецер і кропельную страмніну кідаў ён у вакно са зьвярынай лютасьцю. Поўз праз вокны брудны напаўзмрок.

Зазваніў у другое. Тады Патапенка падбег да тэлефону і ўслухаўся ў лапатаньне, гуд і перазвоны тэлефонныя.

— Алё! Я слухаю. Адкуль? Ну, ну!

Недзе там — у глыбіні тэлефону — чуўся трывожны жаночы голас. У тэлефоне голас здаваўся рэзкім, і Патапенка нават адмахнуўся рукой.

— Прыбывае вада? На мэтр ужо? Добра, добра, я іду зараз.

Апрануўся і выбег у муту напаўзмроку, дажджу і вятроў. Густымі валамі ішлі хмары над Стаходам і разам з хмарамі ішоў нэрвовы вецер. Часінамі дзьмуў гэты вецер спакойна, тады можна было адчуць цяплынь ягоную, часінамі ён імклівіў з такой сілай, што балеў твар ад ягонага датыканьня — гарачым быў тады вецер.

Перад Патапенкам з завулку, з-пад заслоны дажджу вынырнула постаць. Згін сьпіны дый хаду гэтую адразу спазнаў Патапенка. Ён паддаў кроку.

— Шастакоў!

Чалавек крута павярнуўся. Узірнуўся ў змрок.

— Патапенка? Шпарым хутчэй.

— Вада прыбывае.