Перайсці да зместу

Старонка:Наша сонца (1932).pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

перад адказьнейшым экзаменам. Мы прыступілі ўжо да распрацоўкі пляну правядзеньня ў нашым раёне суцэльнай колектывізацыі. Вось тут, у ажыцьцяўленьні гэтага пляну, экзамен для комсамолу. А для таго, каб экзамэн вытрымаць, каб паказаць сваю зьяднанасьць — што для гэтага трэба, таварышы? Усе сілы трэба напружыць, усю сваю ўвагу, волю сваю на гэты фронт накіраваць трэба. А з чым мы маем справу сёньня? Хіба нам не перашкаджае ў рабоце тое, што пэўная частка комсамольцаў — яшчэ не комсамольцы, а старыя, гнілыя мяшчане? Кожны разумее, што калі ты чысты — кажучы гэтым шаблённым словам — калі ты чысты ў быту, у асабістым сваім жыцьці, дык чыстымі будуць і твае падыходы да грамадзкай працы, дык выкананьне партыйных абавязкаў будзе чыстым, пасьпяховым. Комсамолец, які ня мае комсамольскай этыкі, не комсамолец! Гэта мы павінны сказаць рашуча, сказаць у апошні раз.

Слухалі комсамольцы Патапенку. І няёмкасьць, што перадалася ўсім прысутным ад няўдалага пачатку Андрыенкі, пачала зьнікаць, а замест яе нарадзілася і расло, расло і ўзмацнялася абурэньне.

— Я пераходжу да справы Длугача, — доўжыў Патапенка. — Я ведаю, ёсьць таварышы, якія недаацэньваюць бытавога пытаньня. — Ён зірнуў на Шастакова. Той па-ранейшаму курыў, круцячы дым у колцы. — Але важнае яно, гэтае пытаньне. Яно шкодзіць зьяднанасьці нашых шэрагаў, яно стварае антагонізм комсамольца да комсамольца. Вы ўсе ведаеце Длугача, ведаеце вы і нашу Жэню, першую…

— Патапенка, я протестую! Гэта наша справа, і прашу маўчаць!

Народжанае абурэньне вырасла ў суладны выкліч:

— Длугач, садзіся!

— Маўчы! Твой народ прыдзе.

Андрыенка бразгаў алоўкам аб графіне, але звон гэты губляўся ў шматгалосным вэрхалу.

— Усе ведаюць пра гэта, — перасільваючы гаману, сказаў Патапенка. — Я ня буду больш гаварыць. Вы самі лепш гаварыце.