Перайсці да зместу

Старонка:Наша сонца (1932).pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Роза паволі разматвала даўгую шаль, і тады, як разматала яе, па шыі ўбачыла Жэня, як схудала за час хваробы сяброўка.

— Не магу, Жэня, больш, слова шчырае — не магу… Хіба я горшая за цябе, за іншых? Я хочу быць гэткай-жа маладой, як і вы…

Падышла Жэня да яе, узяла за рукі, усадзіла побач на канапе.

— У чым тваё «не магу»? Па парадку выкладай.

— Кінула я хату, Жэня. Не магу больш… Ну навошта яны мне? Толькі і калечаць сваімі… Эх, Жэня… крыўдна мне… Куды я пайду, куды я пайду?

Суцяшала. Нібы малое дзіцянё — па валасох пяшчотна гладзіла. І, пэўна, таму, што даўно не адчувала Роза ласкі — яна заплакала гарачымі і буйнымі сьлязьмі.

— Куды я магу ісьці, — казала праз сьлёзы. — Дачка рабіна? Ня прымуць…

Плакала. Жэня маўчала. У такія хвіліны не замінай чалавеку — няхай выплача накіп крыўды і горнасьці, і тады лягчэй зробіцца, абмочаная сьлязьмі крыўда — ня цісьне гэтак. Гладзіла Жэня валасы сяброўкі і думала, думала аб сваім — перажытым хіба ўжо? — горы. Дзіўную рэч рабілі сьлёзы Розы — ад іх у Жэнінай істоце паўставала нейкая — дый адкуль яна ўзялася! — радасьць. Хіба Жэніна гора — гора? Радасьць павінна быць, што скора будзе яна песьціць свайго дзіцёнка. Чаго-ж было хвалявацца? Думала што? Чакала ласкі, падтрыманьня ад яго? Дармо! Маладосьць кіпіць, маладосьць нахмураных брывей ня любіць, ня любіць маладосьць да крыві закусаных губ.

— Куды ты пойдзеш? Вось… дурненькая мая! Вось канапа, начуй. А заўтра, заўтра падумаем. Ці варта плакаць? Ну?

Зірнула праз муту сьлёз на Жэню, — ай, ай! Хіба не пра гэтую самую Жэніну канапу думала, як ішла сюды? Пра яе, і толькі пра яе. Так, як думала, і абыйшлося яно. І плакаць ня трэба, і так шмат плакала.

— Усё? Ну, досыць, досыць! Ці-ж нам з табой плакаць, Роза? Абатры сьлёзы і… будзем піць чай.