Перайсці да зместу

Старонка:Наша сонца (1932).pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Будзе —
дождж паліваць, зьдзекі строіць зіма, голад гнаць — наперад… А куды?

Будзе —
зноў сутарэньне, буфэра цягнікоў, памыйніца, людзі гоняць — ідзі… А куды?

Жэня! У хлапечай істоце, у душонцы — хоць і скалечанай, занядбалай, але ўсё-ж — душонцы — закіпала трывога. Ты ня ведаеш і ня будзеш ведаць, што можа зрабіць трывога выроку, трывога пакрыўджаных лахманоў! Гэта сіла такая, якой ніколі не супярэч, ніколі не рабі перашкоды. Эт, душу не раскроеш!..

Паўстала выразна, няміласэрна, груба, бязьлітасна пытаньне: карманьнікам, налётчыкам, марафетчыкам быць?

Не! Упарта і цьвёрда было вырашана: не. Вось чаму, Жэня, не супярэчыў н’ат, не адбіваўся, калі забралі мяне ў комуну для бяспрытульных.

Добрая школа — комуна. Чалавекам зрабіла, на ногі паставіла, жыць навучыла, пад сонцам месца вызначыла.

Дый вось… ты кажаш: бытавое пытаньне. Я помню: было такое, ну, нешта накшталт роману. Эх, якое дрэннае гэта слова! Старое, непатрэбнае. Ці-ж нельга знайсьці нейкае іншае азначэньне для чалавечых адносін?

Яе звалі — Ніна. Разам працавалі ў радзе комуны. Любілі? Я яе моцна, так, як можа любіць шаснаццацігадовы хлапец. Радасьць у мяне якая, удача ў працы, посьпех у вучобе — да яе хутчэй бягу, расказваю, раджуся. Тое ж самае і яна рабіла. Было неяк аднойчы так, што я выступіў супраць яе, на сходзе. Ня памятую ўжо, на якой глебе гэта здарылася, але памятаю, што мы стаялі на рэзка супрацьлеглых позыцыях.

А вясна была, Жэня, такой, што і выказаць цяжка. Ну, а вясна для нашай комуны — гэта значыць больш працы, больш клопату. Робіш цэлы дзень, бегаеш, а потым увечары — у сад на спатканьне з дзяўчатамі (яны жылі ў другім будынку).

— Толькі, чаму не падтрымаў? — вось запытаньне, з якім яна сустрэла мяне ў той вечар.