Перайсці да зместу

Старонка:Наша сонца (1932).pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзіўнага, што брат быў зусім іншых поглядаў на жыцьцё, чым бацька, поглядаў, выпрацаваных у асяродку сваіх таварышоў, у асяродку рэволюцыйнай інтэлігенцыі.

Але навуковая праца бацькі на першы толькі погляд насіла характар «чыстай навукі». Ён меў шырокія сувязі з беларускімі «адраджэнцамі», дапамагаў ім, фінансаваў, як мог, н’ат організаваў выданьне шэрагу беларускіх кніжок.

Рос я дзікай травой — плывуном. І было так, што ў часе частых зьмен усякіх улад на Беларусі, бацька выехаў за мяжу, а брат пайшоў на фронт, стаў у шэрагі Чырвонай арміі. Там ён і загінуў. Я шукаў яго, а знайшоў толькі дошчачку над магілай… Пакінулі мяне на рукі аднае асобы. Пазьней я чуў, што яна была неофіцыйнай жонкай бацькі, але гэта — між іншага. Гетэрай была тая жанчына. Вось і прышлося мне ісьці з хаты, таварыш знайшоўся, — Рубан — мянушка была.

Ня важна, Жэня, колькі мы пахадзілі. Адно скажу: памёр у дарозе Рубан. Ішоў я адзін. Доўга. Ужо ня помню, колькі хадзіў. Але ў прыфрантовай паласе знайшоў таварышоў — цэлую хэўру такіх-жа як і я, бяспрытульных. Мястэчка за мястэчкам, горад за горадам — туманом тапазовым заслана ва ўспомінах усё гэта. Што помню? Помню, як зьбілі мяне гандляркі — квактухамі наляцелі і зьбілі. Прыкра было. Уначы — зьбіты, з мутой крыўды на цэлы сьвет, на ўсіх, на ўсіх людзей — пад васеньнім дажджом ішоў я на вакзал, каб знайсьці сваіх, каб пагрэцца…

Вось вугольле зарэе… Здаецца, звычайная рэч — калі паліцца ў печы. Але тады… Тады гэтае вугольле было даражэйшым за ўсё. Гэтак соладка рукі адубянеўшыя над вугольлем гарачым патрымаць! Пойдзе целам прыемная — выказаць цяжка! — цяплынь, і на ўсё благое, на жыцьцё ліхое забудзешся…

Дождж сячэ проста ў твар, разгрызае, здаецца, скуру. Паратунку няма! Няўтульныя кубы камяніц абступілі навокал. Бррр! — халодна, ня грэюць лахманы цела, калі сэрца гатова пагаснуць… У той вечар, праз боль, праз кроў сваіх ран, праз слоту, праз вецер асеньні — вугалёчкам успыхнула думка ў галаве: што-ж будзе?