Старонка:Нацыя як прадмет навуковага вывучэньня.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Перад намі адчыняецца новы сьвет розных рэчаў і зьяваў. Прагавіта ўспрыймаемо ўсе праявы жыцьця;усё нас дзівіць і цікавіць, усё мы хочамо ведаць; мы ўважліва ўзіраемся на жыцьцё і дзейнасьць нашых бацькоў і вучыцялёў. Пазнаем іх звычаі і абычаі, іх досьвед, іх жыцьцё­вую мудрасьць, пазнаем іх радасьці і гора - цярпеньні, іх лад і склад жыцьця, - іх жыцьцёвы стыль, мы навучаемся адрозьніваць прыгожае ад брыдкога, ведаць дабро і зло - тое, што нам прыемнае, карыснае ў жыцьці, і тое, што няпрыемнае, шкоднае, што перашкаджае ў нашай дзейнасьці.

Жыцьцёвы стыль (культурны профіль) таго асяродзьдзя ў якім мы радзіліся, узрасьлі, - гэта ёсьць і наш жыцьцёвы стыль, гэта ёсьць нашае "я".

Мы любім, што навучаемся любіць у дзяцінстве, і не­навідзім, што зьневажае нашы пачуцьці.

Мы любім нашу мову,-нашыя песьні, казкі, звычаі, наш лад і склад жыцьця, жыцьцёвы стыль, бо гэта мы, гэта нашае я. І ўсё, што зьневажае, што паганіць нашае я, мы ненавідзім, пагарджаем.

Любоў і ненавісьць зьяўляюцца галоўнымі чыньнікамі паступоўваньня ў дні нашай моладасьці.

Мы дасягаем сталага веку, набываем значны досьвед з свайго асабістага жыцьця, значна пашыраецца кола нашага веданьня, мы пазнаем-шырокі сьвет, ня толькі нашую родную вёску, мястэчка, ці места, - пазнаем наш край, - нівы , лясы, сенажаці, рэчкі й вазёры; пазнаем яго мінуўшчыну — тыя зьмены, якія адбыліся ў цягу стагодзьдзяў пад уплывам прыроды і рукі чалавека. Сустракаемся з лю­дзьмі, якіх ніколі ў сваім жыцьці ня бачылі, але якія аднолькава з намі гавораць, аднолькавыя песьні пяюць, што тыя самыя-ж у іх звычаі, той самы лад і склад жыць­ця. Яны таксама любяць і ненавідзяць, як і мы. Узьнікае ўражаньне, што гэтыя людзі- нашыя людзі, нібы-то блізкая радня. Паміж намі ўстанаўляюцца сяброўскія суа­дносіны, адчуваемо ўзаемную сымпатыю і спогад. Асабліва яскрава гэта выяўляецца, калі мы апынаемся у незнаёмым для нас асяродзьдзі, дзе іншая мова, песьні, звычаі дзе іншы тэмп і характар жыцьця.

З досьведу мы навучаемся ведаць, што ўзаемная падо­бнасьць між людзмі выклікае пачуцьце свойскасьці і ўза­емнае справядлівасьці; і наадварот, узаемная адрозна­сьць выклікае пачуцьцё адчужасьці, узаемнае падазрона­сьці і варожасьці. Таму узьнікаюць і азначэньні: свой і чужы. Гэтыя азначэньні — свой і чужы — ужываюцца ня толькі ў адношаньні да людзей, якіх пазнаем пры спатка­ньні, але і ў адношаньні да нашых продкаў, да гістарычнае мінуўшчыны; таксама і у адношаньні да прыроднага краявіду.

Пасваячанасьць або адчужанасьць вызначаюць шляхі і спосабы міжлюдзкіх узаемаадносін - да сябе, ці - то ад сябе. Людзі, якія маюць пачуцьцё сваяцтва, выступаюць у адношаньні да іншых людзей узгоднена, аднэй грамадою