Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

відзела дракі, за то, што ня відзела", адчуваецца выразны ўхіл у бок шаржу, але пад знадворнай абалонкай шаржу захованы тут і некаторы элемэнт грамадзкай сатыры. На правялікі жаль, шляхетнасьць і самы характар твору перашкодзілі Дуніну-Марцінкевічу паглыбіць гэты сатырычны элемэнт. У яго няма сапраўднага абурэньня супроць зла, сатыра вытрымана ва "усьмешлівым" (улыбацельным) духу XVІІІ сталецьця. Яна прадстаўляе сабой добрадушныя кпіны аўтара над шляхтай і судом. Адмоўныя бакі грамадзкага ладу тут бяруцца толькі як прадмет лёгкага жарту, яны служаць толькі повадам пазабавіць і пасьмяшыць гледача, а ня выклікаць у яго настрой барацьбы са злом.

Далей бытавога прымітыву не пайшоў Дунін-Марцінкевіч і ў сваім другім драматычным творы. Комэдыя "Залёты" не вызначаецца цэльнасьцю. Сюжэт яе абхапляе дзьве любоўныя інтрыгі. Арандатар Антон Сабковіч імкнецца пабрацца з дачкой судзьдзі Сакальніцкага, Адэляй, але маршалак Мачціўскі раскрывае агідную прошласьць Сабковіча, і матрымоніальныя пляны яго церпяць няўдачу. Паралельна разьвіваецца і другая любоўная інтрыга. Парабак Пятрук кахае дзяўчыну Марылю з сям'і Гапона Барычкі, сустракае спачатку з боку бацькоў яе перашкоды, але пасьля таго, як ён дапамог адшукаць ім украдзенага каня, справа канчаецца шчасьлівай разьвязкай.

Драматычнай барацьбы, ва ўласным сэнсе слова, у творы няма. Слаба намячаецца тут толькі некаторае проціпастаўленьне старэйшага і малодшага пакаленьня. Сям'я судзьдзі Сакальніцкага - гэта старасьвецкая сям'я, у якой пануе дамастроеўскі лад жыцьця, ў якой ня лічацца з запатрабаваньнямі сэрца. Адэлю хочуць сілком выдаць за Сабковіча, ня пытаючы яе згоды. Поўную адпаведнасьць гэтаму прадстаўляе сям'я Гапона Барычкі, дзе таксама пануюць інтрыгі, імкненьне да нажывы, пагоня за багацьцем. У п'есе некалькі выказваецца мізантропічны настрой аўтара: ён як-бы хоча сказаць, што адна соцыяльная кляса, шляхецкая, варта другой, сялянскай - і тут і там пануе пакланеньне залатому цяльцу.

Але, як паказвае пісьменьнік, сталы лад жыцьця, які грунтаваўся на дамастроеўскіх прынцыпах, пачынае ўжо ў