Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выходзіць у людзі Гапон, а злы аканом караецца. Другі твор, "Стаўроўскія дзяды", пабудаваны на казачнай падставе: родная дачка, брыдкая з выгляду і па моральных сваіх якасьцях, гіне, падчарыца, процілеглая ёй па натуры, робіцца шчасьлівай, выходзіць замуж за князя Грамабоя. Эпізодычна гэты дыдактычны элемэнт уваходзіць і ў іншыя творы Дуніна-Марцінкевіча. У "Шчароўскіх дажынках" выкрываецца ашуканства злой Агаткі, перамагае добрая Тадорка; у творы "Купала", апроч зазначанай вышэй романічнай інтрыгі, маецца дадатак, які растлумачвае пахаджэньне самога сьвята купальля; у гэтым дадатку робіцца апотэоз сялянскай жанчыны, убогай з выгляду, але дабрачыннай па свайму жыцьцю; за гэтую дабрачыннасьць Кацярыну празывалі ўсе сьвятой; у гонар яе адбываецца быццам і самое сьвята купалы ("яна да сьвета ў рэчцы заўсёды купалась").

Уяўляючы сабой ілюстрацыю пэўнай моральна-наўчальнай тэндэнцыі, вобразы ў Дуніна-Марцінкевіча большаю часткаю будуюцца на прыёме ігры контрастаў; пісьменьнік ня ведае залатой жыцьцёвай сярэдзіны; ён пераважна рысуе нам процілеглыя моральныя полюсы—дабро і зло. У "Гапоне" на адным полюсе дабрачынныя персонажы— Кацярына і Гапон, на другім—злачынны аканом. У "Шчароўскіх дажынках" працістаўляюцца адна адней Тадорка і Агатка; у творы „Вечарніцы" у „Стаўроўскіх дзядох" сіротка Кася, з аднаго боку, і мачыха з роднай дачкой яе Мархвай, з другога, гэтак сама ўяўляюць сабой моральныя контрасты; у творы "Купала" моральна процілеглымі натурамі зьяўляюццапапсаваны паніч і дабрачынная Агатка. Угрунтаванае на абмалёўцы моральнай антытэзы портрэтнае мастацтва ў Дуніна-Марцінкевіча нявысокае; у яго маецца гатовы шаблëн, свайго роду кліше для абрысоўкі пэрсонажаў; адсюль, напр., усе яго дабрачынныя гэроіні, як дзьве кроплі вады, падобны адна да аднэй ня толькі сваімі ўнутранымі якасьцямі, але нават і па знадворнаму свайму выгляду; розьняцца яны толькі аднымі іменьнямі. Напр., Кацярына ў "Гапоне" малюецца такімі рысамі:

У Грыпіны Кацярына
Крый, божа! Бяды ня знала;
Як у садочку маліна,
Расла, цьвіла, дасьпявала;