Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яго мы знаходзім скэптычна-гіронічныя, у сваёй аснове чыста шляхецкія адносіны да сялянства—галоўнага нашэльніка гэтай народнасьці.

Найбольш выдатным прадстаўніком романтычнага народніцтва ў беларускай літаратуры зьяўляецца Ян Чачот (1797-1847).

Нарадзіўся пісьменьнік у Навагрудзкім павеце Меншчыны. Сярэднюю адукацыю ён атрымаў у родным горадзе, дзе разам з Міцкевічам вучыўся ў павятовай домініканскай школе. Пасьля заканчэньня сярэдняй адукацыі Чачот паступіў у Віленскі унівэрсытэт на аддзел моральных і політычных навук. І тут, у Вільні, прадоўжвалася яго прыяцельства з Міцкевічам: юнакі асабліва захапляліся романтыкай і лібэральнымі думкамі. Скончыць унівэрсытэт Чачоту не ўдалося; за прыналежнасьць да нелегальнага гуртку "філёматаў" ён быў высланы на Урал. У бадзяньні па чужыне, у ролі выгнаньніка, прайшло гадоў 15-20. Толькі ў саракавых гадох Чачот атрымаў магчымасьць вярнуцца на бацькаўшчыну; спачатку жыў ён у Лепелі Віцебскай губерні, а потым у маёнтку пана Храптовіча—Шчорсах, у Наваградчыне, у якасьці бібліотекара надзвычайна багатай, вядомай па ўсёй Беларусі бібліотекі Храптовічаў. Канец свайго жыцьця правёў пісьменьнік, пераходзячы ад аднаго свайго школьнага таварыша да другога; памёр ён у Друзгеніках.

Романтычная настраёвасьць у Чачота, як і ў двох папярэдніх аўтараў, выяўлялася найбольш выразна ў яго замілаваньні да беларускай народнай творчасьці. Чачот высака цэніць народную песьню. З захапленьнем ён гаворыць аб ëй: "які гэта скарб для вучанага песьняра і назіральніка! Колькі там нявымушанай і сьвежай поэзіі! Будзем з ахвотай слухаць іх песьні вясельныя, дажынкавыя і іншыя, і мы ня раз прыемна правядзем час і, што паважней, набудзем вялікую прывязанасьць да нашых добрых земляробаў". У другім месцы ён яшчэ з большым замілаваньнем адзываецца аб народных казках: "Не магу, — кажа ён,—без якой-та любай трывогі ўспомніць забытыя казкі, якія я слухаў і ведаў у мае дзіцячыя гады. У іх часта замыкаецца вельмі добрая моральная думка".[1]

  1. Пыпин, ор. cіt. 48, 54.