Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

крытыка асабліва падкрэсьлівае нацыянальна-беларускі характар твору. Напр., Ромуальд Земкевіч кажа: "Баляды, апісальныя вершы Баршчэўскага, а таксама і „Szlachcіc Zawalnіa“, так і просяцца, каб іх пералажыць на беларускую мову, бо ўсё гэта ўзята жыўцом з беларускага жыцьця і ў польскай літаратуры ня мае і ня будзе мець такога вялізнага значэньня. Прыблізна ў такім духу, толькі дэталізуючы палажэньне Земкевіча, выказваецца і М. Гарэцкі. „У гэтых творах,—піша ён,—найлепей адбіўся романтызм Баршчэўскага, яго любоў да старыны, народнай поэзіі, беларускіх забабонаў, усякай чартоўшчыны і містычнасьці… Цэлы гуж усялякіх апісаных тут гісторый паказвае беларускае жыцьцё, беларускі дух, беларускую душу. Ёсьць прыклады народнай гутаркі і песьні. Захованы орыгінальны беларускі гумор. Задалося пісьменьніку пераняцца містычным настроем забабоннага беларуса, які тады меў вялікую веру ў сілу чараўнікоў, у нячысьцікаў і поэтычна бачыў у жывой і няжывой прыродзе рознае страхацьцё. Гэта была першая і даволі задачная, на жаль у чужой мове зробленая, спроба апрацаваньня нашай народнай творчасьці“. Потым у якасьці прыкладу крытык досыць падрабязна разьбірае адно з фантастычных апавяданьняў пісьменьніка і з гэтага разбору робіць такі вывад: „Баршчэўскі карыстаўся народнай мітолёгіяй, уплятаў яе ў быт, прычым у пэўнай меры даваў абразкі і соцыяльнага зьместу, наколькі яны ня выходзілі з яго шляхоцка-хрысьціянскай памяркоўнасьці і былі патрэбны для пэўнасьці вобразу“[1].

Мы, з свайго боку, папершае, лічым, што будзе значнай памылкай залічаць твор „Slachcіc Zawalnіa“ да беларускай літаратуры і адводзіць яму месца ў курсе гэтай літаратуры, як робіць то Гарэцкі. Наколькі даны твор Баршчэўскага напісан на польскай мове, ён цалком і належыць да польскай літаратуры. Мова, думаецца нам, ёсьць адзіны крытэры, на падставе якога можна залічаць творчасьць да тэй ці іншай нацыянальнай групы. Ні пахаджэньне аўтара, ні, тым болей, самы зьмест яго твораў такім крэтырыем быць ня можа. У процілеглым выпадку да беларускай літаратуры

  1. Гісторыя беларускай літаратуры. 1924 г., стар. 162, 164.