Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Уся баляда грунтуецца, як мы бачылі, на звышпрыроднай д'ябальшчыне. Нячысьцік тут галоўны пэрсонаж: ён крадзе вяпрука, падпальвае хату; шмыгануўшы скрозь шрубу, хапае Мікіціху за чуб і пхае яе ў смалу; здараюцца тут і іншыя фантастычныя прыгоды: у хаце Мікіты, калі ўвайшоў туды чорт,

Усе сьцены ну-ж трашчаць.
Лаўкі і сталы скакаць.
А на печы чорт прахвост,
Узяўшы у зубы хвост,
Патуль шчокі надымаў,
Аж як на дудзе зайграў,
А пасьля захахатаў,
Прыгнуў на стоўб ды прапаў.

Романтыкі, як вядома, любілі ўсё надпрыроднае; любілі яны выводзіць асабліва ў якасьці фантастычнага пэрсонажу і д'ябла (Гофман, Вінь, Гюго). Але романтычная па сутнасьці фантастыка Рыпінскага прадстаўляе сабой падробку пад народны густ; яна зьяўляецца вельмі блізкай да дэмонолёгіі народных казак, толькі мы ня бачым тут мастацкага ператварэньня гэтай дэмонолёгіі, як, скажам, у Гогаля, Лескова ды інш. Нячысьцік Рыпінскага захоўвае ў сабе непасрэдныя груба-комічныя рысы д'ябла народнай творчасьці. Па самай сваёй ідэі, твор Рыпінскага бясспрэчна можа быць аднесены да шырокай плыні спэцыяльнай літаратуры для народу (La lіttèrature de colportage). Рыпінскі, адукаваны шляхціц, з вышыні сваёй панскасьці тут спушчаецца да ўзроўню тагачасных народных мас і на фоне фантастычнага сюжэту праводзіць убогую думку аб тым, што ня трэба лаяцца і ня трэба ў пост есьці скаромнага, бо гэткія ўчынкі аддаюць чалавека ва ўладу нячысьціка. Гэта падробка пад народныя забабоны яскрава выяўляе шляхецкую псыхолёгію аўтара, яго пагардны погляд на мужыка, як на ніжэйшую істоту, з якой трэба гаварыць на асобнай мове наіўна-дзіцячых разуменьняў і якую варта напалохаць жудасьцямі пекла і расправы з боку д'ябла.

Такім чынам, уся літаратурная дзейнасьць Рыпінскага носіць тэндэнцыйны характар: заўзяты польскі патрыотызм афарбоўвае яго "Bіalorus" у цёмны колер вузкага нацыяна-