Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/198

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ратуры. У якасьці эпіграфаў да сваіх твораў, наш поэта часта падае ў орыгінале выняткі з Дантэ, Гюго, Вэрлена, Гэйнэ, Пушкіна, Брусава ды інш. Такі шырокі быў літаратурны кругавід М. Багдановіча.

Зусім іншыя, як у большасьці беларускіх поэтаў, былі і знадворныя ўмовы яго жыцьця. Лёс надта рана, яшчэ ў дзіцячыя гады, адрывае яго ад роднай глебы Беларусі і ставіць яго ў абставіны гарадзкога жыцьця. М. Багдановіч выхоўваецца спачатку ў Ніжнім-Ноўгарадзе, а потым у Яраслаўлі. Замест сталага, вякамі ўтворанага быту беларускай вёскі, з якой зьвязана муза большасьці беларускіх поэтаў, песьняра акружае стракаты быт буйных гандлёвых цэнтраў Паваложжа; замест аднастайных уражаньняў вясковага жыцьця, ён з маленства ўспрыймае, прасякаецца ўражаньнямі кіпучага жыцьця гораду з яго нэрвовасьцю, шматкалёрнасьцю, рухавасьцю... У вёсцы, дзе выхоўваліся Янка Купала, Якуб Колас ды іншыя песьняры Беларусі, жыцьцё цякло павольна, адліўшыся ў пэўныя рамкі, закасьцянеўшы ў рамках традыцыі таго, што вякамі складаўся, быту. Як на паверхні соннага ляснога возера, ледзь відаць хвалі гэтага жыцьця, ад усяго тут павявала супакоем і цішшу, усё схіляла тут да ціхай задуменасьці, разважнасьці. Атмосфэра места зусім іншая. З кінэматографічнай хуткасьцю тут адны праявы зьмяняюцца другімі, віруюць і шумуюць тут хвалі жыцьця, душа не пасьпявае перарабляць усіх знадворных уражаньняў, яны коўзаюцца на яе паверхні, адны саступаючы месца другім. У гэткай атмосфэры жыў М. Багдановіч, асабліва ў Ніжнім-Ноўгарадзе. Перад ім не адзін раз прайшоў шумны Ніжагародзкі кірмаш з яго нэрвовасьцю і кіпучасьцю. Першыя поэтычныя задумы ў душы М. Багдановіча сьпелі не пад салодкія пералівы беларускага салаўя, а пад аглушаючы шум трамваю, пад штучным сьвятлом газу і электрычнасьці замест бледага беларускага месяца.

Рознасьць соцыяльных умоў жыцьця спарадзіла ў Максіма Багдановіча і асобнасьць яго літаратурнага кірунку у параўнаньні з іншымі беларускімі поэтамі.

Пры памянёнай наяўнасьці ўхілаў у бок нэоромантычнага і фольклёрнага стылю, пануючы кірунак у беларускай літаратуры—гэта рэалізм. Беларускія пісьменьнікі і поэты шырокім