Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/199

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

памазком малююць родную прыроду, жыцьцё роднае вёскі. Ад гэтых малюнкаў павявае пахам скошанай сенажаці, яны поўны супакою тэй вясковай ідыліі, якую яны адбіваюць сабой.

Іншы характар мае муза М. Багдановіча. Гэта нэрвовая муза гораду, яна ня ведае супакою і цішы, яна ўся—рух і зьменнасьць. У той час, калі беларускія поэты-народнікі шырока ахапляюць жыцьцë; у той час, калі іх малюнкі падобны да шырокіх палотнаў Рэмбрандта,—Максім Багдановіч дае толькі пабежныя накідкі рачаіснасьці, адбівае асобныя яе моманты, якія зьмяняюцца і ўступаюць сваё месца іншым момантам і ўражаньням. Там статыка жыцьця, тут—яго дынаміка. Там—пераважна рэалізм, тут у М. Багдановіча-пераважна імпрэсыянізм, фіксаваньне паасобных мімалётных момантаў і ўражаньняў.

У зборніку вершаў М. Багдановіча ёсьць асобны аддзел, азагалоўлены—"Нізка вершаў... Места". Тут поэта рысуе праявы гарадзкога жыцьця, але не дае шырокіх малюнкаў гэтага жыцьця-накіданы толькі пабежныя штрыхі:

Ліхтарняў сьвет у сіняй вышыні...
—Вітрыны... мора вывесак... як плямы,
Анонсы і плякаты на сьцяне.
Кіпіць натоўп на жорсткім вулак дне!
Снуюць хлапцы, суюшчыя рэклямы...
Разношчыкі крычаць ля кожнай брамы...
Грук, гоман, гул, —усе ракой імкне.
А дальш—за радам кас, лёмбардаў, банкаў—
Агні вакзалу... павадка хурманкаў...
Віры людзей... сіпячы паравоз...
Зялёны семафор... пакгауз... склады...
Заводаў коміны пад цьмой нябёс...
О, гораду чароўныя прынады! (164)

Ці вось, напрыклад, другі шэраг гарадзкіх уражаньняў:

Ад сьпёкі пышуць дахі і асьфальт,
На вуліцы уецца пыл, і грукаціць фурманка;
"Каробушку" пяе дзіцячы альт,
І надрываецца абрыдлая шарманка.
Мо' на бульвар пайсьці, сесьць на далёкай лаўцы,
Хаця-бы крышку часу адпачыць!
Здрамнуць, газэту сьвежую купіць
І прачытаць усё да імені выдаўцы? (169)