Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/197

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Адначасна з яркасьцю вобразаў поэзія Багдановіча вызначаецца вялікім мастацтвам вершаванай тэхнікі; у яго твоpax ужываюцца рознастайныя мэтры і рытмы, ён дае дасканалыя ўзоры так званых канонічных формаў вершу (сонэт, рондо, пэнтамэтры, трыолет ды інш.)[1]

Але ўбіраючы на шляху сваіх формальна-мастацкіх шуканьняў усе дасягненьні сучасных яму эўропэйскіх і славянскіх літаратур, М. Багдановіч не адрываўся ад роднай яму беларускай глебы. У яго творчасьці ярка выявілася і плынь мастацкага фольклёрызму: стылізацыя народнай песьні і легенды займае значнае месца ў поэзіі Багдановіча ("Мушка-зелянушка", „Максім і Магдалена", „Апокрыф", "Страцім-лебедзь" і інш.).

Прыёмамі рэалістычнага, нэоромантычнага і фольклёрнага стылю творчасьць М. Багдановіча ўліваецца ў агульнае рэчышча нашаніўскае поэзіі: гэтыя прыёмы ў рознай пропорцыі ўласьцівы і другім песьняром Беларусі таго часу (Янка Купала, Якуб Колас, Зьмітрок Бядуля ды інш.). Але адначасна ў мастацкіх шуканьнях юнака-поэты выявілася і свая асобная творчая спэцыфіка, якая ў першую чаргу азначаецца сваяасаблівымі соцыяльнымі абставінамі, у якіх разгарналася жыцьцё поэты...

Найноўшыя песьняры Беларусі ў большай сваёй частцы паходзяць з клясы сялянскай ці пролетарскай; наш поэта па сваім пахаджэньні належыць да паміжклясавай групы працоўнай інтэлігенцыі. Далей, шмат якія поэты Беларусі, як, напр., Алесь Гарун, Янка Купала, Зьм. Бядуля, Цішка Гартны ды інш., набывалі разьвіцьцё шляхам самадукацыі; крыніцамі іх натхненьня была блізкасьць да народнай глебы; ад дачыненьня з гэтай глебай яны атрымлівалі сваю моц і сілу. Жывучы на ўлоньні прыроды, першыя свае песьні яны складалі ва ўнісон з завываньнем глухога беларускага бору, укалыханыя ціхім шэптам родных ніў, зачараваныя сумнымі, хапаючымі за душу мэлёдыямі родных песьняў... Зусім інакш склаўся жыцьцёвы лёс М. Багдановіча. Ён атрымлівае сыстэматычную адукацыю, набывае веду чужаземных моў, грунтоўна знаёміцца з творамі корыфэяў сусьветнай літа-

  1. Гл. па гэтым пытаньні: Дзяржынскі "Максім Багдановіч, як стылізатар беларускага вершу". "Адраджэньне", Менск, 1922 г., стар. 204-219.