Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

"з зельлем шаптухі паціху снуюць". Нібы заварожаны гэтым малюнкам, Алесь Гарун кажа:

Хочацца быць мне ў тым краі нязнаным,
Хочацца край той абняць з прастаты,
Хочацца крыкнуць: гэй, краю каханы,
Будзь мне, як маці, будзь родным мне ты.
Дай мне зрабіцца крынічкай лясною,
Бераг вадой абмываць, цалаваць;
Дай мне век цэлы дружыці з табою,
Хвойкі і зоры ў сабе адбіваць...

Так поэта любіць Беларусь, бо яна мае пекную прыроду, бо яна ўся абвеяна чароўнай казкай. Нават беларускую мову пясьняр разглядае ня толькі ў грамадзкім аспекце, як скарб адзіны ад мінулага, але і ў аспэкце эстэтычным; ён кажа:

Гэй, ты, маці, родная мова,
Гэй, ты, звон вялікі, слова,
Звон магутны,
Звон бліскучы,
З злота зьбіты,
Загрымі ты,
Загрымі.

Гэтак тры моманты выяўляюцца ў абаснаваньні з боку поэты нацыянальнай проблемы: ідэёва-грамадзкі, псыхолëгічны і эстэтычны.

Соцыяльныя мотывы параўнальна слаба выяўлены ў лірыцы Алеся Гаруна. Найбольш выдатнымі ў гэтым стасунку творамі зьяўляюцца наступныя.

Можна адзначыць верш "Юдам", абліты гаркатой і злосьцю, у якім выкрываецца ашуканства буржуазіі. У вершы "Жыцьцё" пануе ціхі сум над доляй народу, якая прыраўноўваецца да лёсу "вала".

Апроч таго, перад намі праходзяць абразкі сялянскага жыцьця. Напрыклад, малюецца хата, у якой тры горы: сын памёр ад сухот на вайсковай службе, дачка вышла за п'яніцу, лясьнічы адмовіў у пасадзе. Верш "Габруська" зарысоўвае малюнак адзінокай сьмерці жаўнера на чужыне ў разлуцы са старым бацькам і любай сэрцу дзяўчынай. У