Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце,
Гэта скарб нам адзін захаваўся,
У сялянскай аграбленай хаце
Толькі ён незабраны астаўся.

Знаходзім мы ў Алеся Гаруна і ідэалізацыю беларускага мінулага, якое ўяўляецца яму славутым і вялікім:

Ў старыну беларус не падданы
Гаспадарыў, быў сам над сабою,
І далёка у сьвеце быў знаны
За літоўскай і ляскай зямлёю.

Нарэшце, Алесь Гарун дае і псыхолëгічнае ўгрунтаваньне нацыянальнае проблемы; ён зазначае на органічную сувязь чалавека з айчынай. Душа самога поэты замірае на чужой зямлі, ён там адчувае сябе лішнім. Горшая мука — для поэты жыць у разлуцы з бацькаўшчынай; смутак па айчыне на чужыне — лейт-мотыў яго лірыкі.

Гэты мотыу псыхолёгічнай сувязі чалавека з айчынай мы бачылі ў Багушэвіча, у яго вершы "Мая хата"; шырока разгорнуты ён у Янкі Лучыны, сустракаецца ў Цёткі ды ў іншых. Але пры падабенстве з папярэднікамі ісучасьнікамі ў Алеся Гаруна ёсьць сваё асаблівае. У яго заўважаецца большая об'ектыўнасьць у стасунку да беларускага народу; у зьмене гістарычнага лёсу свайго, на думку поэты, вінны сам беларус, пасыўнасьць яго характару („Іванку").

Але самае характарнае ў нацыянальных мотывах вершаў Алеся Гаруна гэта — эстэтычны момант. Поэта захапляецца айчынай як мастак. Для яго гэта край прыгажэйшы ў сьвеце, да яго ён зьвяртаецца з гэткімі прачулымі словамі:

Ты квяцісты, залацісты,
І прыгожы, і аздобны,
Ты лясісты, каласісты,
— Можа рай табе падобны —
Колькі-ж моцы маеш скрытай,
Колькі сілы неспажытай!

Алеся Гаруна вабіць пекны сьвет народнай фантастыкі і паданьняў; перад ім, як жывыя, устаюць родныя малюнкі: русалкі гуртом ля рэчкі, бяздольны шукае кветку шчасьця,