Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/165

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і Ўсход, на вялікі водны шлях "з вараг у грэкі"; не адна гістарычная бура пранеслася і над беларускім народам: яму прыходзілася весьці змаганьне і з Кіевам, і з крыжакамі, і з Масквой, і з іншымі ворагамі. Шукаючы паратунку ад гэтых і знадворных ворагаў, Беларусь спачатку добраахвотна ставіць сябе пад абарону вялікадзяржаўнай Польшчы (вунія 1386 г. і 1569 г.), а потым ужо прымусова злучаецца з Расіяй. Для шмат якіх беларусаў Польшча, а потым Расія зьяўлялася свайго рода гадунцом, на пеставаньне якога яны несьлі свае сілы і здольнасьці, узмацняючы, такім чынам, іншыя організмы. І падобна да таго, як гадунец кусьцікаў, абараніўшы іх ад знадворных ворагаў, закрыў ім сонца, так і Польшча, а потым царская Расія закрыла для Беларусі сонца нацыянальнай культуры.

Магчыма, што такое тлумачэньне алегорыі "Гадунца". зьяўляецца крыху нацягнутым. Але кожны сапраўды мастацкі вобраз, як вядома, вызначаецца шырокай сугэстыўнасьцю: чым шырэй вобраз, тым больш думак і пачуцьцяў ён у нас абуджае, тым больш асоцыяцый ён нам, надае. Возьмем, напр., байку Крылова "Листы и корни"; можа быць рознае тлумачэньне яе алегорычных вобразаў. Найбольш пашырана і зьяўляецца звычайным тлумачэньне іх у сэнсе соцыяльным: корані — гэта ніжэйшыя працоўныя лясы, а лісьці — вышэйшыя. Але магчыма і зусім іншая трактоўка гэтай алегорыі. Марксысты можа сказаць, што корані гэта — экономіка, а лісьці — ідэолёгічная надбудова; псыхолëг можа ўбачыць тут зазначэньне на суадносіны паміж сфэрай бесьсьвядомага і сьвядомага ў нашай псыхіцы, літаратуразнаўца можа ўгледзець тут найменьне на сувязь паміж зьместам і формай мастацкага твору і г. д. Адным словам, можа быць розная апэрцэпцыя мастацкага вобразу, тым болей вобразу алегорычнага. Мы мелі рацыю падзяліцца сваёй апэрцэпцыяй, якая вынікае ў нас пад уплывам твору "Гадунец".

Іншыя алегорычныя апавяданьні Ядвіга Ш. закранаюць розныя пытаньні моральнага і псыхолёгічнага парадку. Напр., апавяданьне "Сіло", дзе рысуецца сініца, якая спачатку сьмяялася над тым сьнігіром, што папаў у сіло, а потым і сама трапіла туды, — гэта як-бы ілюстрацыя да вядомай прыказкі: "ня сьмейся чужой бядзе, свая на градзе".