Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/163

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Паданае апавяданьне мае сувязь з апавяданьнем ,Зарабіў", дзе закранаецца аднолькавая тэма шпегаўства. Відаць, гэта хваравітая зьява, тыповая для царскай Расі, зварачала на сябе ўвагу пісьменьніка. Магчыма прыпусьціць, што і сам ён, працярпеўшы арышт і турму у студэнцкія гады, зрабіўся ахвярай якога-небудзь шпега, або провокатара. Можа гэтак і тлумачыцца той факт, што выключна поліцыя і асабліва шпегаўства выклікае досыць жоўчнае абурэньне Ядвігіна Ш. і знаходзіць сабе яскрава сатырычную абмалёўку ў яго творчасьці: у іншых выпадках, як мы ведаем, у творчасьці пісьменьніка пераважае мяккі і добрадушны сьмех гуморыстага.

Другая праява царскага рэжыму — сыстэматычнае ашуканства і мана ўлады, якая брудна-мутным струменем разьлівалася ў правым друку і знаходзіла сабе абвяржэньне ў друку прогрэсыўным, атрымала гумарыстычны адбітак у маленькім творы „Пратэст"... Сабакі, "грэючыся пасьля цяжкой і сумленнай працы пад лавай або сталом у хаце", чуюць, як гаспадары іх чытаюць газэту "Наша Ніва", у якой часта ўжываецца слова "брахня": так газэта называе выдумкі і лгарствы, якія плятуць нанятыя за грошы людзі. Сабакі, часта чуючы гэта слова, нібы рашаюць паслаць "адкрыты ліст у рэдакцыю "Нашай Нівы". У гэтым лісьце, паміж іншым, гаворыцца: "пратэстуем вось чаму. Што іншага—выдумка і лгарства; што іншага—брахня. Брэшам толькі мы, сабакі. Дык ведайце, што наша брахня—ня выдумка і ня лгарства, бо ніводзін сумленны сабака ані за грошы, ані бяз дай прычыны брахаць ня будзе: гэта могуць пасьведчыць нашы гаспадары. Дык ня маеце права нас зьневажаць, раўнуючы да гэтых паноў, аб якіх пішаце". Жартлівы характар "ліста" вытрыманы да канца і завяршаецца ён подпісамі:

"Лыска—Міхалкі Канцавога з вёскі Граек;
Разбой—Тодара Серадняка з вёскі Булькаў;
Жук—Сьцяпана Крывога з вёскі Засільля і др."

Па іх просьбе ліст напісаў і за няграматных расьпісаўся Ядвігін Ш."

Такім чынам, маленькія творы "Сабачча служба" і "Пратэст" для свайго часу мелі надзенны характар; у форме