Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/162

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

калі аднаго году вывелі ў яго з хлява апошнюю скаціну, то сьлязінка, якая тады яму скацілася ў рот, была такой-жа горкай, як гэта чыстая вадзіца другога возера. Трэцяе возера аказалася напоўненым чырвоным віном з выгляду, але і гэтага "віна“ паспытаў селянін у жыцьці: "у губах яго было поўна, — вочы ім заліты... але-ж гэта ня віно, але кроў. Людзкая кроў"...

Так уся соцыяльная рачаіснасьць рысуецца пісьменьніку, як арэна надмернай працы―працы да поту, і як арэна сьлёз і крыві. І Ядвігін Ш. падкрэсьлівае, што для селяніна ўсе гэтыя беды не зьяўляюцца адцягненымі катэгорыямі; ён ведае іх на асабістай спробе: у жыцьці яму часта прыходзіцца каштаваць смак поту ад цяжкой працы, даведацца гаркаты сьлёз ад соцыяльнай крыўды і нават спатыкацца з жахам крыві, якую праліваюць гвалтоўнікі.

Апроч выяўленьня соцыяльных супярэчнасьцяй, у алегорычных апавяданьнях Ядвігін Ш. мы знаходзім яшчэ досыць празрыстыя намёкі на сучасны аўтару політычны момант царскай рэакцыі. Напр., апавяданьне "Сабачча служба" прадстаўляе сабой сатыру на шпегаў і провокатараў, якімі кішэла Расія таго часу... Вясковы жыхар ніяк ня можа ўцяміць выразу "сабачча служба“. Яму здавалася, што "можа быць служба цяжкая, вельмі цяжкая, але не паганая, бо ніякая праца ня ганьбіць чалавека". І толькі пасьля таго, як давялося яму ў горадзе пабачыць лоўлю сабак гіцлямі, ён зразумеў сэнс гэтага выразу, зразумеў, што сабачай службай зьяўляецца служба шпега і провокатара; роля яго аналёгічна ролі сабакі, які заманьвае валацугаў-сабак у клетку гіцляў. "Бяжыць ён, значыцца, па вуліцы дый знаёмства заводзіць з сваім братам: угледзіць каторага, зараз да яго, з аднаго боку зайдзе — нюх, з другога — нюх, хвосьцікам на ўсе бакі віль-віль, а той ужо і рад новаму сябруку і язык высалупіць. Тут і тыц і гіцлі на новага сябра з гэтымі пугамі, дый у жалезную клетачку... А той кудлаты Юда як-бы і нічога: хвост толькі зноў крапчэй падцісьне, морду ўніз апусьціць дый ізноў бяжыць далей, насьцеражыўшы вушы, лыпаючы з-пад лоба вачыма, шукаць новае ахвяры"... Убачыўшы такі малюнак, зразумеў апавядальнік, што ёсьць сапраўды паганая служба: "мала і сабак знойдзецца на такую службу".