Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/161

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пашаптушкі. Кіўні толькі ёй галіной (бо дубу ня сьлед кланяцца асіне), а яна, як тая саромлівая панначка, затрасецца ўся і лісточкамі цябе абсыпае"... Так, поэзія жыцьця, сіла маладосьці, какетлівая сьвежасьць юнацтва ― усё гэта ў мінулым дзядулі. У сучасным зусім іншае; жыцьцёвыя навальніцы пакінулі на ім свой знак. "Цяпер глянь на мяне, — скардзіцца дзядуля: — пастухі бок асмалілі, людзі кару аскраблі, колькі-то сукоў павыразалі". І суседзтва ў дзядулі ўжо зусім ня тое; яму здаецца, што дужае і моцнае пакаленьне ужо сышло з жыцьцёвай сцэны, на зьмену яму зьявілася ўжо зусім іншае. На захадзе чарнее лес "худэрлявы, крывы, увесь у сукох — гніль нейкая дый толькі; на ўсходзе шуміць лес, але гэта ня шум здаровага дрэва, а шум зморанасьці; лес на поўначы толькі здалёку выдае крэпкі і гонкі, але і невялікі вецер яго гайдае ва ўсе бакі, то да зямлі прыгне, то крыху адпусьце".

У апавяданьні „Дуб-дзядуля", на падставе алегорычных вобразаў, абмалёвана, такім чынам, псыхолёгія старасьці, адзінока дагараючай і маючай часта нахіл ідэалізаваць мінулае і недаацэньваць сучаснае ды новае; да поўнай ступені тут намячаецца, такім чынам, тэма колізіі бацькоў і дзяцей. Калі мы прыпомнім засьведчаньне Бадуновай, што сам пісьменьнік не разумеў юнацтва і з пэўным скэптыцызмам адносіўся да яго ідэалаў, то магчыма прыпусьціць некаторую аўтобіографічнасьць перажываньняў, якімі надзяляецца дуб-дзядуля.

У далейшым ходзе апавяданьня выяўлены ўжо соцыяльныя мотывы. Дзядуля дае селяніну даручэньне дастаць чыстай вады, каб "падліць карэнчыкі бедныя". Шукаючы гэтай вады, наш падарожнік спатыкае тры жудасных возеры. Першае возера "вялікае, што вокам ня сьцягнеш, і хоць вада мутная, брудная — кінуўся я піць, — апавядаецца ад асобы селяніна, — хлебануў раз, што гэта? Вада — не вада, хоць смак і знаны. Ага, успомніў я, як напрацуешся ды пот, цякучы па брудным твары, пападзе ў рот, от, якраз гэтакі смак". Другое возера больш за першае, але вадзіца ў ім такая чыстая, што аж сьвіціцца. Прыпаў я, — кажа далей апавядальнік, — хлебануў — горкая, але то такая горкая, што піць нельга". І гэты смак знаны селяніну; прыпамінае ён, што