Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/160

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

запросіны, зрабіліся ахвярай драпежніцтва каршуноў; за сваю даверлівасьць яны жорстка паплаціліся, апынуўшыся на вясельлі каршуніхі не ў гасьцях... а на патэльні. У форме жартаўлівай баечкі, такім чынам, Ядвігін Ш. паказвае нам, што панства, якой-бы маскай яно ні прыкрывалася, заўжды захоўвае сваю эксплëататарскую існасьць і ня можа пазбавіцца сваёй драпежніцкай натуры.

Калі байкі "Павук" і "Вясельле" абмалёўваюць нам соцыяльныя ўзаемаадносіны, то алегорычнае апавяданьне "Бярозка" выключна прысьвечана абмалёўцы гаротнай долі вясковай жанчыны. Гэта доля аказваецца настолькі цяжкай, што нават дрэва ня вытрымала цяжару яе: бярозка, якой вышаўшая замуж Марылька несла, паслухаўшыся свайго бацькі, усе свае скаргі, спарахнела ўнутры. Сьсекшы дрэва, бацька так тлумачыць спарахнеласьць яго: "Гэта-ж твой боль, гэта-ж твой жаль, — кажа Лявон, — спарахнілі гэту бярозку, бо ты доляй сваёй жалілася ёй. Дрэва і то спужалася такой долі... Умірае гэта бярозка, умірае без пары, бо кожны раз, як ты прыходзіла жаліцца, ёй было што раз цяжэй, а ты, маё гаротнае дзіця, успомні, ты тады мела хвіліны, падобныя да шчасьця". У даным апавяданьні, такім чынам, соцыяльныя мотывы цесна злучаны з мотывам нейкага містычнага адзінства чалавека і прыроды: чалавек, у абмалёўцы пісьменьніка, гэта неадрыўнае зьвяно ў даўгім ланцугу прыроды, частка, зьвязаная з цэлым агульным рытмам косьмічнага жыцьця.

Тое-ж злучэньне мотыву адзінства чалавека і прыроды з іншымі мотывамі мы знаходзім і ў творы "Дуб-дзядуля". Тут дрэва надзяляецца дарам чалавечай гутаркі, а селянін — здольнасьцю разумець гэтую гутарку. У сваіх скаргах, якія падслухоўвае чалавек, гэтае шматвяковае дрэва-дуб-дзядуля разрастаецца ў мастацкі сымболь старасьці. Дзядуля робіць параўнаньне сучаснага з мінулым; усе яго сымпатыі на баку даўнейшага, у цяперашнім ён бачыць толькі здрабнеласьць, выраджэньне. З захапленьнем успамінае ён мінулае, сваю маладосьць. "З маленства, — кажа ён — жылося нішто, суседзтва шмат меў: сваёй радні — цэлыя аколіцы — хлопцы адзін у адзін — дужыя, здаровыя; а тут да кампаніі зграбныя ёлачкі, — хоць сварлівыя, але сэрца добрага — сасонкі. Міргнеш ім бывала жалудком, а яны табе шышкай у бок... А асінкі