Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

абавязкаў, калі ў выкананьне іх не ўкладаецца нават самай маленькай часткі душы, робіць часам людзей ня чулымі нават да гэтай вялікай зьявы. У апавяданьні Ядвігіна Ш. якраз і паказана гэтая тупая роўнадушнасьць казённага профэсыянала, які ня з словамі братэрскай уцехі і дапамогі, а толькі з брыдкімі жартамі ды кпінамі падступае нават да сьмяртэльнага ложка канаючага гаротнага працаўніка. Мы бачым, да якой ступені цынічнай жорсткасьці можа звузіцца і прытупіцца душа чалавека пад уплывам формальна-роўнадушных адносін да сваёй профэсыі. У любой галіне працы магчыма гэтае звужэньне душы. І доктар, і пэдагог, і судзьдзя, пры чыста казённых адносінах да сваёй дзейнасьці, можа страціць чуласьць да чужога гора, абярнуцца ў жорсткага і брыдкога нікчемніка...

Такім чынам, рэалістычныя апавяданьні Ядвігіна Ш. зьяўляюцца вельмі рознастайнымі па свайму зьместу. У соцыяльным пляне іх прадстаўлена беларуская вёска з яе цемрай, беднасьцю і фізычным выраджэньнем; зачэплена гарадзкое рамесьніцтва і слой чорнарабочых з іх бязрадасным існаваньнем і сумнай сьмерцю. У пляне псыхолёгічным выяўлены яшчэ больш багатыя тэмы: перад намі праходзіць поэзія ўспамінаў, процілежнасьць паміж марай і рачаіснасьцю, псыхолёгія адзінока сіратлівага дзяцінства і маленства, пакуты сумленьня, праява цяжкога кашмара, брыдкая нікчэмнасьць тупога профэсыянала і г. д.

Ня менш рознастайным зьяўляецца і зьмест алегорычна-сымболічных апавяданьняў Ядвігіна Ш. На першы плян і тут высоўваюцца тэмы соцыяльныя. Так, у творы "Павук" у форме байкі выяўлена процілежнасьць дзьвюх ідэолёгій... У сетку павука трапіла муха. Паміж ахвярай і катам завязваецца гутарка, у якой павук выступае, як эксплёататар і крывапіўца, а муха, як няшчасная ахвяра эксплёатацыі. На ўсе закіды і дакоры мухі, павук адказвае: "мне толькі абы была кроў, а пакуль ваш род не зьвядзецца, то і павуком крыві хваціць". "А ці ведаеш-жа ты, пракляты вісельнік, — пачала муха, — што хоць згіну я, згіне мо' яшчэ не адна такая, як я, але як адразу наляціць цэлы рой мух, ударыць у тваю сетку, тады ня толькі яна паляціць у ласкуткі, а бадай і ты жывым ня выйдзеш. Зьдзекваўся ты, пакуль па