Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

перакідваліся слоўцамі, іншыя—на выздараўленьні — паджартоўвалі: "проціў ночы выбраўся, нябось якраз трапіць да Абрама на піва". Служачы, даючы сьвечку, расказвае блізкім хворым пра хрэсьбіны, якія былі ў яго швагра. Але верх цынізму выяўляе даглядач: ён яшчэ пры жыцьці канаючага запісвае ў кніжку факт яго сьмерці, пакідаючы пустым месца для зазначэньня часу скону і даючы хвораму паўгадзіны тэрміну. І з ціхім засмучэньнем аўтар дадае: "як увесь свой нядоўгі век быў паслухмяны Сымон, так і ў гадзіну свайго кананьня астаўся паслухмяным... начальству: у дзевяць сканаў". Апавяданьне канчаецца сумна лірычным акордам: "вецер гудзеў. Ліплі крывава-жоўтыя лісты кляніны да памуцеўшых шыб бальніцы, як-бы падгледзець хацелі, што там робіцца. На вакне, дзе быў крыж, стаялі абапал дзьве васковыя сьвечкі: адна з іх непачынаная, другая крыху надгарэўшы,—увесь знак, уся нядоўгая памятка, што на сьвеце ня стала аднаго чалавека".

У творы ёсьць пэўны соцыяльны элемэнт; у ім малюецца сьмерць чорнарабочага; выяўляецца, што ва ўмовах капіталізму рабочы чалавек ня можа нават і памерці палюдзку: гаротнаму жыцьцю яго адпавядае і сумны канец на казённым ложку, сярод брыдкіх кпінаў і жартаў, бяз слова ласкі і прыхільнасьці. Аўтар ва ўласным коментарыі падкрэсьлівае соцыяльнае значэньне свайго малюнку. Апісаўшы агонію, якая ўжо пачалася, ён паясьняе: "так канаў чалавек... Біты з малалецтва сірата, гаротны праз увесь век свой працоўнік, і вось калі ўжо жыцьцё выціснула з яго апошнія сілы, высмактала кроў, высушыла апошнія мазгі, жылы выцягнула, цяпер гэта жыцьцё, бачучы, што з гэтага чалавека няма болей чаго выдушыць, — кінула яго на бальнічнае ложка, мучыла яго доўгія ночы, цэлыя месяцы і наастатак, угледзіўшы, што гэты кусок надгніўшага мяса гатоў ужо разваліцца, на кінулася на апошнія мінуты канаючага зьдзекавалася...

Так жэгнала жыцьцё замучанае ім цела і за пражыты супольны век, жэгнаючы, давала награду пасвойму... Так канаў чалавек..." На соцыяльнай падставе выяўлены тут і псыхолёгічны элемэнт... Сьмерць — вялікая зьява прыроды. Але прызвычаенасьць, чыста формальныя адносіны да сваіх