Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/159

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

аднэй нас перабіраў, але зыкну я толькі, і цэлая хмара..." Павук ня даў скончыць, прыдушыўшы і на гэты раз яшчэ адну ахвяру. Але словы мухі, яе пагрозы не даюць павуку супакою, пазбаўляюць яго сна, хоць назаўтра і пляце ён новыя сеткі. На ўсім працягу твору вытрымана алегорыя, магчыма навеяная брошурай Карла Лібкнехта "Павукі і мухі", якая дарэчы сказаць у 1918 годзе перакладзена была на беларускую мову. Няцяжка заўважыць, што ў творы Ядвігіна Ш. у відзе сеткі павука прадстаўлена ўся сыстэма капіталістычнага грамадзтва, пры якой утвараюцца дзьве процілежныя клясы: кляса капіталістых эксплёататараў (павукі) і кляса пролетарыяту (мухі). У часы Ядвігіна Ш. моцны яшчэ былі павуковыя сеткі капіталістычнай эксплёатацыі, але ўжо расло пролетарскае адзінства і солідарнасьць, мацнеў рабочы рух, пад напорам якога ўжо пачалі хістацца падмуркі падгніўшай соцыяльнай будыніны, і на твар не аднаго "павука" лёг мрачны цень задуменьня і трывогі за будучы лёс... Так у форме кароценькай байкі Ядвігіным Ш. схоплена і мастацкі прадстаўлена сутнасьць клясавых узаемаадносін, якія вынікаюць на глебе соцыяльнага ўціску і няроўнасьці.

Соцыяльным зьместам насычана і байка "Вясельле“, дзе абмалёўваецца шлюб дачкі каршуніхі і маладога каршунка. У вобразе каршуноў тут прадстаўлена панства, шляхта. Высьмеяна, папершае, яго каставая замкнёнасьць: "паміж каршуноў (гэтак ужо вядзецца), каб гонару сям'і сваёй не зьняважыць, толькі паміж сабой і бяруцца". Праўда, дэмократычны век крыху пачаў ужо згладжваць гэтыя каставыя пераборкі, і ў паноў ужо зьяўляецца імкненьне зблізіцца з ніжэйшымі клясамі: у байцы каршуніха пасылае сініцу заклікаць на вясельле розных дробных птушак-салавейку, галубкоў, сароку, удота ды інш. Але драпежніцтва каршуноў вырыла паміж імі і гэтымі птушачкамі вялікую прорву; нават абяцаньне каршуноў панадзяваць у дзень вясельля мяккія рукавіцы на свае кіпцюры не супакойвае "дробязь". Ды к таму-ж і часы ўжо цяпер зусім іншыя, іншыя і песьні. "Салавейка, дрозд нават, — дакладвае сініца каршунісе, — панавучыліся такія рэчы сьвістаць, што не асьмелюся і сказаць вашай міласьці". Тыя птушкі, што адгукнуліся на