Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

зычнае выраджэньне. Апавяданьне яскрава рэалістычнае, але беларускі пісьменьнік далёкі ад протокольнай манеры некаторых рэалістых зарысоўваць факты жыцьця "sіne іra et studіo". У Ядвігіна Ш. у яго малюнках адчуваецца асаблівая задушэўнасьць і спачуваньне народнаму гору; праявы гэтага гора ён занатоўвае не як просты апісальнік быту, але як шчыры народнік, які ўспрымае народнае жыцьцё пераважна сэрцам; дзякуючы такой пачуцьцёвай інтуіцыі, пісьменьнік здужаў пранікнуць у душу гэтай гаротнай сялянкі, зжыцца з ëй і даць жывыя абразкі яе шматпакутнага жыцьця.

Той-жа прыём апісаньня, абагрэтага цёплым лірызмам аўтара, мы знаходзім і ў апавяданьні "Зарабляюць". У даным творы перад намі разгарнаецца малюнак гарадзкой беднасьці і яе вынікаў. Пісьменьнік вядзе нас у сырое і бруднае сутарэньне, дзе туліцца сям'я беднай гарадзкой рамесьніцы. "Пры мамцы, — успамінае сын яе Адамка, — жылі мы ў пекным мураваным доме, дом быў вельмі высокі, але мы жылі зусім нізенька—быццам у зямлі. Так, бывала, сьмешна глядзець праз ваконца; толькі ногі міг-міг, а то іншыя—шлэп-шлэп-шлэп, але толькі і відаць ногі, як-бы людзям галоў і ня трэба было... Або―іншым разам з вакна вада стане капаць вось якраз, як часта бывала з вачэй мамчыных: такая перш маленькая капелька, а пасьля неяк пухне, пухне і зробіцца вялізарная, бліскучая і... кап; а потым другая, трэцяя, але таксама памаленьку: кап... кап... кап..." Голад у гэтай сям'і таксама часты надакучлівы госьць. Тут маці часта, каб супакоіць галодных дзяцей і накіраваць іх увагу ў іншы бок, расказвае ім апавяданьні пра істотаў, якім, як, напр., птушкам, жывецца яшчэ горш; "усё гэта так пекна, так жаласьліва нагаворыць, што аж нам,—зноў успамінае Адамка, — захочацца быць падобнымі да гэтых птушачак божых, каб і нам холадна было, каб і нам, як гэтыя божыя птушачкі, галоднымі класьціся спаць у халодны кут. і кладземся. А мамка доўга яшчэ сядзіць і шые, шые, шые". У такіх абставінах пасьля сьмерці маткі засталося двое сіротак — Адамка і Ганулька; спачатку як-кольвек перабіваліся, але потым голад і жаданьне паратаваць брата прымушаюць дзяўчыну пайсьці па працярэбленаму шляху: паступіць разам з Адамкам у рэсторан "на лёгкія заработкі". Пасьля доўгай