Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

унутранай барацьбы і завіханьня здаровага сумленьня адважылася на гэта Ганулька: "амаль ня ўсю ноч пракленчыла яна пры матчыным ложку, — малілася і плакала, плакала і малілася". І вось гэтую чулую і чыстую сэрцам дзяўчыну беднасьць кідае ў вір распусты ды прымушае за грошы прадавацца соцыяльным трутням, якія "бяруць смачную дарагую яду, купляюць заморскія водкі і віны, кідаюць грашыма, як трэскамі". І Адамка, які спачатку радаваўся з лёгкага заработку сястры, цяпер пачынае цяміць сваім дзіцячым розумам, з якіх каламутных крыніц ідуць гэтыя заработкі. "Мая служба,—прызнаецца ён у апавяданьні, — вельмі цяжкая, найгорш, калі Ганулька—мая родная каханая сястрычка, седзячы пры адным стале з панамі,—крыкне: "Адам! яшчэ бутэльку віна". Лячу, нясу, адпячатваю, неяк рукі і ногі мае трасуцца і замест у шклянкі лію віно на белы, чысты абрус, бо не на віно гляджу; гляджу, як зачараваны, у сінія, сінія вочкі сваёй Ганулькі, і хочацца мне крыкнуць на ўвесь гэты рэсторан, не—не рэсторан, а крыкнуць так, каб увесь сьвет пачуў: "кідай, сястра, беспрацоўную службу. Кідай, дарагая мая!"

І апавяданьні Ядвігіна Ш. у цэлым прадстаўляюць сабой гэткі крык душы, якую глыбака паранілі соцыяльныя брыдоты. „Гаротная" і „Зарабляюць" цесна зьвязаны паміж сабой агульнай тэмай. У першым творы абмалёвана беднасьць ва ўмовах вёскі; там няма выйсьця, беднасьць цягне за сабой фізычную сьмерць: дзеці паміраюць ад лячэньня розных вядуноў, ад бульбы рукі і ногі іх робяцца, як цэвачкі. У другім творы прадстаўлена беднасьць ва ўмовах гораду; тут, дзе кола магчымасьцяй шырэй, зло соцыяльнае ў першую чаргу цягне за сабой моральную сьмерць: яно ў вір распусты і хібы кідае нават такіх добрасумленных і чыстых сэрцам людзей, як сіротка Гануля.

Лёгічную сувязь з паданымі творамі мае апавяданьне "Зарабіў", дзе рысуецца моральная сьмерць чалавека і ва ўмовах вёскі. Гэрой апавяданьня — селянін Сьцёпка Тацюк — гультай па натуры: ён "хоць любіў, каб яды было, як на дзяды, але хацеў, каб работы было, як у нядзелю". Гэты гультай, шукаючы лёгкіх заработкаў, робіцца шпегам, робіць у поліцыю доказ на сваіх аднавяскоўцаў-рэволюцыянэраў,