Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

багаты зьмест. Папершае, маляўніча прадстаўлена тут народная цемра з яе вынікамі забабоннасьці і знахарства. Але галоўная тэма тут—сялянская беднасьць, гора народнае. Тамашыха, увайшоўшы ў хату пасьля абкурваньня яе зельлем, аддаецца ўспамінам а сваім няўдалым жыцьці. Вось перад ёй паўстаюць малюнкі бязрадага маленства з яго падвойнай пакутай сіроцтва і беднасьці. Пяшчотная па натуры, з патрэбай ласкі, яна была асуджана на горкую долю сіраты. Вельмі жаласьліва малюе пісьменьнік гэта бязрадае маленства бяз матчынай уцехі і прывету. "У кожнай хаце, успамінае Тамашыха, былі дзеці, былі і маткі, а от-жа у яе ня было. І калі, бывала, бачыла яна, як іншыя дзеці песьцяцца, прытуляюцца да матчыных грудзей, бегала і яна—маленькая, худзенькая да тэй высокай белавалосай Тэклі, клала сваю галоўку на яе калені і шаптала: мама, мама, мама. Але пяшчотаў, а яшчэ горш гэткіх слоў Тэкля ня любіла: "ня лезь, кажа, да мяне з гэткім—абуза, а не дачка ты мне". Плачучы бегла тады малая Ганулька (Ганулька. Гэта-ж яе некалісь звалі Ганулькай, ледзь цяпер успомніла Тамашыха), бегла ў які-колечы цëмны куточак або ўціскалася ў запечак і, закрыўшыся, ціханька шаптала да сябе: мама, мама, мама". Чорнай зданьню паўстаюць перад Тамашыхай далей несамавітыя дні яе юнацтва. Заработкі, латаная чужая вопратка, ледзь узышоўшая і адразу-ж згаслая зорка каханьня да Васіля, якога здалі ў жаўнеры—вось што прыпала на яе долю ў самую лепшую пару жыцьця. Пацягнулася далей смутнае замужніцтва: да лютай беднасьці далучыліся хваробы дзяцей, уласнае нездароўе. Ядой дзяцей зьяўлялася адна бульба—гэта тыпова беларуская страва. У пячурцы заўжды бульба валяецца, і ядуць яны яе, бывала, успамінае гаротная, не раўнуючы, як тыя парасяткі. Толькі вось, разважала далей Тамашыха, неяк сыць іх ня брала. Жывоцікі, праўда, парасьпірала, але ручкі, ножкі, шыйкі—ажно жаль было глядзець—як тыя цэвачкі. А і сама яна, Тамашыха, неяк сохнуць стала, дый моц зусім страціла".

Гаротная, з яе бязрадасным існаваньнем—тыповы образ сялянскай жанчыны мінулых часоў. У маленькім апавяданьні зарысаваны тыповыя праявы ў жыцьці даўнейшай вёскі: цемра, жудасная беднасьць, якая цягне за сабой нават фі-