Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гаспадаркі прамысловасьць і гандаль тармазіліся ў сваім разьвіцьці. Царызм бараніў выключна інтарэсы шляхты. І мы бачым, як вялікая тэрыторыяльна і багатая на прыродныя багацьці дзяржава задыхаецца экономічна, а разам з тым і політычна. Вось у гэтую затхлую атмосфэру гнілога вялікага організму трапляе і Беларусь[1].

Беларускае магнацтва і шляхецтва, хоць і пазбаўлена было „залатой вольнасьці“, але засталося, зразумела і ў новых політычных умовах у стане паноў і карысталася як і даўней, соцыяльна-экономічнымі выгодамі. З гэтай прычыны і ў новай дзяржаве паны адчувалі сябе, як і ў Польшчы, нават лепш: пры агульнай адсталасьці Расіі іх тут менш палохала пэрспэктыва рэформ, якія, пад уплывам францускай рэволюцыі, у канцы XVIII в. знаходзілі сабе прыхільнікаў у Рэчы Посполітай. Ураду Кацярыны II шляхта далучаных беларускіх зямель паднесла нават адрас, у якім, між іншым, гаварылася: „Жывучы ня ў Польшчы, адчуваем сябе як-бы ў Польшчы і нават лепш, як у Польшчы“. Толькі невялічкая частка шляхты, прасякнутай польскім патрыотызмам, не змагла прымірыцца са зьменай політычных умоў і, адмовіўшыся ад прысягі на вернасьць новаму ўраду, прымушана была расстацца з сваімі маёнткамі і пакінуць межы Расіі.

Зусім іншае было становішча сялянства. Яно пры інкорпорацыі Беларусі ў склад Расійскай імпэрыі ня толькі не зьмянілася к лепшаму, але нават з часам і пагоршылася. Сяляне, к канцу XVII в. страціўшыя вольнасьці, якімі яны карысталіся ў Літоўска-Беларускай дзяржаве, к гэтаму часу падзяляліся на дзьве групы: вялікую групу прыватна-ўласьніцкіх сялян і меншую—скарбовых. Скарбовым жылося крыху лепш, чым прыватнаўласьніцкім; у іх былі крыху большыя правы і меншыя абавязкі ды павіннасьці; паншчына ў іх адбірала 3—4 дні на тыдзень, тымчасам як у прыватных панскіх маёнтках яна даходзіла з 3 да 7 дзён у тыдзень.

Экономічнае становішча беларускага прыгоннага сялянства было значна горш, чым, напр., у Маскоўшчыне. Зразумела, і там паншчына мела свае жудасныя бакі, але там

  1. Проф. У. Ігнатоўскі—„Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX ст.“ Менск, 1925 г., стар. 7.