Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

янальнай і соцыяльнай думкі, якая характарызуе сабой Багушэвіча, ня знойдзем у яго і Багушэвіцкага жоўчнага абурэньня супраць соцыяльнай крыўды; грамадзкая каштоўнасьць яго творчасьці значна ніжэй, але затое значна шырэй дыяпазон гэтай творчасьці. Тымчасам, як у Багушэвіча амаль што ўсе мастацкія сілы концентруюцца ў адзіным парыве злосьці за пакрыўджанага нацыянальна і соцыяльна мужыка, Янку Лучыне даступны былі больш мяккія лірычныя эмоцыі: ён успрымае хараство прыроды, ведае романтычнае парываньне ў вобласьць мары. Апроч таго, ён імкнецца пранікнуць у душу селяніна, умее рысаваць глыбака элегічныя і драматычныя вобразы. Тонкае злучэньне элегічнасьці і некаторай бадзёрасьці збліжае яго з далейшымі беларускімі песьнярамі. Ён як-бы стаіць на рубяжы дзьвюх эпох: народніцкай і нашаніўскай. Як і ў пісьменьнікаў нашаніўцаў, у Лучыны мы знаходзім смутак ад уразуменьня неадпаведнасьці жыцьця ідэалу і адначасна глыбокую веру ў канчатковае зьдзейсьненьне гэтага ідэалу.