Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Але ў душы поэты жыла вера, што надыйдзе час, калі усё гэта, уся гэта народная беднасьць і цемра згаснуць, як жудасная здань. Свой сумны малюнак Беларусі ён канчае выразам бадзёрай веры ў лепшую будучыну; ён кажа:

Сонца навукі скрозь хмары цёмныя
Прагляне ясна над нашаю ніваю, -
І будуць жыці дзеткі патомныя
Добраю доляй, доляй шчасьліваю.

Сам чалавек адукаваны, інжынэр па профэсіі, Янка Лучына верыць у моц навукі; навука сваім сьвятлом разгоніць цёмныя хмары нядолі; яна-парука лепшай долі дзетак патомных. Гэта-залатыя словы нашага поэты; яны ствараюць сабой сьцяг, пад якім павінна разьвівацца і соцыяльнае і нацыянальнае адраджэньне Беларусі.

Так у беларускага песьняра выяўляецца пэўная ідэолёгія: ён народнік, выхаваны ў атмосфэры 70 гадоў, але народнік на сьвядома-нацыянальнай аснове, які ў цёмнай далі будучыны прадугледзеў сьветлыя зоры лепшай долі для роднай краіны.

З боку формы творчасьць Няслухоўскага не ўяўляе асаблівай вартасьці. Сам поэта сьведчыць аб бясштучнасьці сваёй няхітрай музы; паводле яго ўласнага прызнаньня, -

Жартамі, сьлязамі
Складалася яно тое, што тут на паперы
Пісалася ў час думкі і ў добрай веры.
Чы забавы з гэтых песень хоць-бы крышку будзе?
Няхай судзяць братні людзі дый на братнім судзе.
Назьбіралася вязаначка на дар маёй браці
Сярэдзь нашых палёў, лясоў, сярэдзь сенажаці.
Не для зыску зьбіралася і не дзеля хвалы,
Так-папросту, як зьбіраем зельле у дзень Купалы.

Гэта прастата адчуваецца ў Янкі Лучыны і ў самым стылі і асабліва ў пабудове вершу, які часам вызначаецца сваёй нявытрыманасьцю і шурпатасьцю. Мова песьняра таксама не вызначаецца сваёй чыстатой. У яго часта трапляюцца яўныя русіцызмы (даеш замест дасі; грудзь замест грудзі; кружась замест кружачыся ды інш.).

Але недахваты Формы выкупляюцца ў Янкі Лучыны зьместам. Праўда, мы ня знойдзем у яго тэй напружнасьці нацы-