Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/123

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

РЭВОЛЮЦЫЯ 1905-1906 Г. НА БЕЛАРУСІ (НАШАНІЎСКІ АДРАДЖАНІЗМ)

У курсе літаратуры няма патрэбы спыняцца падрабязна на тых фактарах соцыяльна-экономічнага парадку, якія выклікалі на Беларусі рэволюцыю 1905 году; варта адзначыць толькі галоўныя з іх.

Такімі галоўнымі фактарамі былі ўзрастаўшыя ў нас соцыяльныя супярэчнасьці. Гаспадарчае жыцьцё Беларусі спачатку і асабліва з сярэдзіны другой паловы мінулага сталецьця характарызуецца ўзмацненьнем процэсу капіталізацыі. Гэтае ўзмацненьне назіраецца як у галіне сельскай гаспадаркі, так і ў галіне прамысловасьці; капітал усё больш і больш пачынае пранікаць і ў вёску і ў горад. Экономіка Беларусі ўсё больш і больш уцягвалася ў той процес капіталізацыі Расіі, які так дасканала дасьледваны Леніным у яго вядомай клясычнай працы.

У вёсцы з прычыны ўзмацненьня капіталу зямля паступова пераходзіць з рук шляхты ў рукі купецтва і заможнага сялянства. Аб такой мобілізацыі ўласнасьці гавораць наступныя лічбы: у 1863 годзе шляхецкай зямлі было ў нас 18 мільёнаў дзесяцін, а ў 1905 годзе толькі 9,7 мільёнаў дзесяцін; за той-жа час сялянскае зямляўладаньне паднялося з 8,2 да 12,7 мільёнаў дзесяцін.[1] Ня гледзячы на такі шпаркі тэмп у зьменах зямляўладаньня, усё-ж такі Беларусь напярэдадні рэволюцыі заставалася краінай буйнога зямляўладаньня; у сярэднім на адно прыватнае ўладаньне прыпадала тут у 1905 годзе 733 дзесяціны (у 1877 годзе ― 1126 дз.). У вёсцы моцна яшчэ адчуваўся ўціск абшарніка; досыць моцны яшчэ былі перажыткі фэўдалізму (плата натурай, адработак ды інш.). Побач з старым уціскам абшарніка нарастае ў

  1. Довнар-Запольский, стар. 60.