Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

будучыне. Праўда, гэтыя развагі носяць часам характар нейкага душэўнага надрыву; поэта як-бы ня верыць у зьдзейсьненьне сваіх думак; ён сам адносіцца да іх сатырычна і нават саркастычна; мары аб лепшым ён проціставіць сумнай рачаіснасьці; у яго мы знаходзім горкае прызнаньне, што сярод цяжкіх умоў жыцьця аддавацца марам аб лепшым-гэта дзіцячая забава пусканьня мыльных бурбалак. У вершы "Надта салодкія думкі" ён кажа:

Пакуль доля нам засьвеце,
Надта-ж яно міла
Думаць думкі і, як дзеці,
Пушчаць пузыр з мыла.
Верце людзі: шчасьце будзе,
Так, як пчолкам у улі!..
Лезь на грушку, рві пятрушку,
Пакаштуй цыбулі.

Але ў Янкі Лучыны, як у кожнага сапраўднага поэты, відаць была глыбокая ўнутраная патрэба будаваць гэтыя павятровыя палацы, у марах адпачыць душой ад цяжкай рачаіснасьці, бо, паводле яго ўласных слоў, "мары згоняць хмары".

Як-бы поэтычны сынтэз рачаіснасьці і лятуценьня прадстаўляе сабой адзін з лепшых твораў Лучыны-яго верш "Роднай старонцы". Поэта тут не заплюшчвае вачэй на акаляўшую яго рачаіснасьць, ён у такіх шчырых словах характарызуе сучасную яму гаротную Беларусь:

Ты параскінулась лесам, балотамі,
Выдмай пясчанай, неураджайнаю,
Маці-зямліца, і умалотамі
Хлеба нам мерку не даш звычайную.
А сын твой, беднаю адзет сярмягаю,
З лыка пляцёныя лапці абуўшы,
Едзе драбінамі ці калымагаю,
Конем, што цягне, як бы заснуўшы...
Усё ў табе бедна. Часта заплача
Мужык-араты дзеля злой долі,
Цяжка працуючы. Ён жа, аднача,
З табой расстацца не жджэ ніколі.
I непрыглядную хату з пажыткамі,
I поле скупое, выган без пашы
Мы, апрануўшыся старымі світкамі,
Любім і цэнім − бо яны нашы.