Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

На тэй-жа аснове паралелізму між прыродай і чалавекам пабудованы і верш "Каршун"; верш адкрываецца трапным апісаньнем летняга дня:

Быў ясны дзень, гарачы дзень,
І было ціха, хоць сей мак.
Скаціна забілася ў цень,
За ей пастух прамеж сабак.

А лес лістком не калыхне,
У гушчы птушкі селі спаць,
І рыбкі ў рэчачцы на дне,
Пад куст хаваючысь, стаяць.

Духота нейкая вісіць,
Нявольны сон усіх бярэ,
І толькі каня просіць... "піць",
Кружась над лесам у гарэ.

Але гэтую супакойную ідылію вясковай цішы, як апавядае далей пясьняр, перарывае смутнае здарэньне: бедная птушка, якая паднялася ўгару, у паднябесную высь, зрабілася здабычай ястраба. Гэтае здарэньне спараджае ў поэты сумныя развагі:

Што гэта мне за знак?
Такую думку думаў я.
Адкуль узяўся гэты птак?
Ой, бедна-ж птушачка мая!

Адказ на пытаньне: што гэта мне за знак?-дае другая частка вершу, дзе апавядаецца аб прыбыцьці ў вёску шынкара, які адчыніў шынок і прыпадабняецца поэтай да каршуна.

Паданыя вершы паказваюць, што Янка Лучына досыць тонка адчуваў пекнату прыроды; яму было даступна і захапленьне поэзіяй маёвай раніцы, і ўпаеньне цішынёй летняга дня, але адначасна пясьняр далёкі быў ад супакойнага, чыста эстэтычнага спагляданьня хараства; ён зьвязвае адным ланцугом сьвет прыроды і сьвет чалавека, паміж гэтымі абодвума сьветамі ён заўважае нейкую патаемную, містычную сувязь; у зьявах прыроды ён бачыць як-бы пэўнае найменьне на соцыяльныя крыўды, і ў гэтыя зьявы ўносіцца ім нешта элегічнае або драматычнае.

Рысуючы элегічныя і драматычныя вобразы, пясьняр не ўдаецца ў роспач, адчай. Яму даступны былі развагі а лепшай