Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЯНКА ЛУЧЫНА (ІВАН НЯСЛУХОЎСКІ)

Іван Няслухоўскі нарадзіўся ў Менску ў 1851 г. у сям'і адвоката. Тут-жа ў Менску будучы поэта атрымаў сярэднюю адукацыю ў гімназіі. Скончыўшы гімназію, ён вучыўся ў Пецярбурзе, спачатку ў унівэрсытэце, на фізычна-матэматычным факультэце, а потым у Тэхнолёгічным Інстытуце, дзе дастаў годнасьць інжынэра-тэхнолёга ў 1877 г. Уступіўшы у самастойнае жыцьцё, Іван Няслухоўскі спачатку служыць на поўдні на каўкаскіх чыгунках, а потым прыяжджае ў Менск з мэтай даведацца радні. Тут у Менску з ім здараецца няшчасьце-яго разьбівае паралюш, з часам ён крыху паправіўся, мог хадзіць з двума кійкамі і нават служыць у Тэхнічным бюро Лібава-Роменскай чыгункі. У родным Менску Івану Няслухоўскаму суджана было скласьці і свае косьці - памёр ён у 1897 г., пахаваны ў Кальварыі.

Іван Няслухоўскі па сваёй творчасьці належыць, як і большая частка ранейшых нашых поэтаў, да літаратуры польскай і беларускай. Разьвіцьцё гэтай творчасьці прыпадае асабліва на пэрыод з 1883 па 1890 г. Найбольш буйнымі яго творамі, напісанымі на польскай мове, зьяўляюцца: Hanusіa, Wіoletta, Andrej. Апроч таго, у 1898 г. вышаў томік яго вершаў на польскай мове, дзе зьмешчаны: "Akwarelkі myslіwskіe". Але і ў польскіх яго творах большаю часткаю апісваецца беларускае жыцьцё, сустракаюцца беларускія словы і звароты мовы. Вершы, напісаныя на беларускай мове, зьмешчаны ў невялічкім зборніку "Вязанка", які выданы ў Ленінградзе ў 1903 годзе гуртком студэнтаў-беларусаў.

Існуюць весткі, што гэты зборнік убачыў сьвет выключна дзякуючы невуцтву цэнзара, якога ўпэўнілі, што "Вязанка“ напісана на баўгарскай мове. У зборнічак увайшлі ня ўсе вершы, напісаныя Іванам Няслухоўскім на беларускай мове. Некаторыя з іх раскіданы па часопісах і другіх крыніцах, напрыклад, вядомы яго верш "Роднай старонцы", зьмешчаны ў календары Слупскага за 1892 год і ў „Нашай Ніве" (1917 г. № 17); адна яго песьня надрукавана у "Вольнай Беларусі" (1918 г. № 29); у ўдавы Няслухоўскага некаторыя вершы яго захаваліся ў рукапісным відзе.