Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэта не прадмет усхваленьня, але об'ект досыць жоўчнай сатыры; напр., у творы "Быў у чыстцы", малюючы сваë вандраваньне ў па-за магільным сьвеце, поэта робіць гэткі сатырычны выпад супраць жанчыны:

А што баб і дзявок-сказаць так -
Утрое больш, як мужчын, ёсьць на лік;
Хто за што, а як баб, дык найбольш за язык.
Языкі - даўжыні так, як добры ручнік.
Іх і паляць смалой і нажамі скрабуць,
І ніяк да бяла прапаліць не магуць.
Надта шмат маладых, што дурылі мужоў,
Чараўніцаў і зводняў старых...

Далей, надзвычайна характэрным зьяўляецца той факт, што з усяго вялікага багацьця беларускіх казак Багушэвіч для ўласнай мастацкай апрацоўкі выбраў толькі адну - "Чорт і баба", гэтую дзікую адрыжку сярэднявяковых легэнд а благіх жанчынах, дзе праводзіцца думка, што баба хітрейшая за чорта: ёй удаецца пасварыць чалавека з жонкай, што не удавалася самому д'ябалу.

На ліры беларускага поэты моцна гучэлі, такім чынам, толькі струны грамадзкага абурэньня, для іншых больш пяшчотных мэлёдый гэта ліра была глухая. Ня у постаці пекнай і прыгожай дзяўчыны з вянком на галаве, з пахнунучымі кветкамі ў руках прадстае перад намі муза поэты, але у постаці нейкай схімніцы, добраахвотна ўспрыняўшай на сябе вялікі ўчынак апяяньня народнага гора. Ад творчасьці Багушэвіча павявае нейкім духам мастацкага аскэтызму. У гэтых адносінах беларускі пясьняр вельмі падобны да расійскага народніка Глеба Усьпенскага, схема якога таксама была свайго роду схімай. У нас, праўда, няма фактаў, якія-б сьведчылі а беспасрэдным уплыве аднаго пісьменьніка на другога, але і бяз гэтых фактаў падабенства іх суровай музы лёгка зразумець: Глеб Усьпенскі і Багушэвіч жылі ў аднолькавых соцыяльных умовах, абодва яны былі дзеці эпохі, калі ўся ўвага была зьвернута на адзіны об'ект, якім быў народ і яго доля; абодва яны былі па сваёй клясавай прыналежнасьці розначынцы, бязьлітасным ходам гісторыі адкінутыя ад банкетнага стала жыцьця і прымушаныя змагацца за кавалак хлеба, а не аддавацца панскаму эстэтызму.