Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Соцыяльны патос прасякае сабой усю творчасьць Багушэвіча. Душа поэты нібы ўвабрала ў сябе ўсю злосьць і ненавісьць беларускага народу супраць нацыянальнага і соцыяльнага ўціску і засталася з гэтай прычыны глухой да іншых пяшчотных і мяккіх эмоцый: дзьве галоўныя крыніцы поэтычнага натхненьня-прырода і жаночае каханьне - амаль зусім адсутнічаюць у творчасьці беларускага песьняра. Прырода ледзь закранута ў творах поэты. У вершы "Мая хата" даецца некалькі мазкоў пэндзаля з мэтай адцяніць вялікую беднасьць беларускага селяніна. Больш выразны дотык да прыроды мы маем у вершы "Думка". Тут даецца такі малюнак:

Вунь стаіць бярозка тут для самай хаткі,
Косы папусьціла. плача, кажуць людзі.
Мусіць, такі праўда-гэта яе сьлёзка,
Што кажуць другія - капля расяная...
Ня тужы, бярозка, сьвет з намі ня згіне,
Вецер як павее, шышачкі раскіне,
Хоць-бы ты засохла-вырасьце вас болей...
Перастанем плакаць мы над сваей доляй.

Маленькія абразкі прыроды і тут уплецены ў верш, прасякнуты соцыяльнымі настроямі. Закранутая надта мала, прырода, гэткім чынам, не займае самастойнага месца ў творах поэты; некалькі выхапленых з яе дробных абразкоў граюць ролю толькі ілюстрацый да яго соцыяльных мотываў.

Другая крыніца натхненьня-жанчына і каханьне-у творчасьці вялізарнай масы мастакоў грае ролю пераважнага фактара. На гэтай падставе нават вынікла тэорыя эстэтычнага эросу, выказаная ўжо даўно-яшчэ нямецкімі романтыкамі-Цікам і Новалісам і ў наш час разьвітая ў працах цэлага шэрагу псыхолёгаў, псыхіатраў, фізыолёгаў ды гісторыкаў мастацтва.[1] Дантэ і Беатрычэ, Пэтрарка і Лаўра, Бальзак і Ганская, Тургенеў і Віардо ды інш.-яны як-бы цьвердзяць думку аб цеснай сувязі мастацтва і эмоцыі каханьня. Творчасьць беларускага поэты прадстаўляе сабой адмоўную інстанцыю да тэорыі эстэтычнага эросу. Das ewіg weіblіche, адвечна жаночае, адсутнічае ў гэтай творчасьці. Багушэвіч-гэта беларускі Стрынбэрг. Жанчына для яго -

  1. Грузенберг. Психология творчества. Минск, 1923 г. стар 112.