Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Нават у час апошняга разьвітаньня з жыцьцём пан выяўляе сваю прагавітасьць, і яго сьмерць зусім не падобна да сьмерці селяніна. З эпічным супакоем і прастатой памірае гаротны працаўнік:

Ён дык лёгка умёр,
Клікаў сьмерць, бо хлеба ня стала:
Уміраў, як заснуў, ані пікнуў.

Наадварот, цяжка разьвітацца з жыцьцём пану:

Умарылася сьмерць, пан раве.
Уміраць ані мысьле сабе:
Аж кашулю парваў, коўдру рве,
І ўсе грошы пад бруха грабе.

Гэтак Багушэвіч яскравым прожэктарам сваёй сатыры імкнецца асьвятліць адмоўныя бакі панства. Але галоўным гэроем яго твораў усё-ж ткі застаецца ня пан, але селянін і вёска з яе беднасьцю і цемрай. Багушэвіч - засмучэньнік народнага гора; гэтаму гору прысьвечаны лепшыя яго песьні; панства большаю часткаю рысуецца беларускім поэтаю не само па сабе, а ў яго адносінах да селяніна.

Гэта напружная ўвага да сялянства цесна зьвязвае нашага поэту з эпохай 60 і 70 гадоў. Селяніна ў зазначаны пэрыод высоўваюць на сцэну об'ектыўныя ўмовы жыцьця. Сялянскія паўстаньні, якія з году ў год усё павялічваліся перад рэформай 19 лютага, ня спыніліся, як вядома, і пасьля гэтай рэформы. Народнае бушаваньне, як сьведчыць Пакроўскі, было цяпер па сваіх разьмерах нават больш сур'ёзным, чым абурэньні дзён Крымскай кампаніі;[1] толькі ў працягу двох гадоў (1861-1863) было 1.100 узбурэньняў.[2] Селянін гэткім чынам заяўляе а сваіх правох на жыцьцё. У тон жыцьцю і літаратура выяўляе агромністую цікавасьць да "мужыка". Беларускі поэта падзяляе гэтую цікавасьць: ён у сваёй творчасьці селяніну адводзіць пераважнае месца.

Але ня толькі гэта ўвага да сялянскіх мас цесна зьвязвае беларускага поэту з эпохай 60 і 70 гадоў: яшчэ больш органічная сувязь выяўляецца ў даных адносінах з таго, як Багушэвіч ставіць і разьвязвае соцыяльнае пытаньне.

  1. Русская история с древнейших времен. 1920 г., т. 11, стар. 139.
  2. Пичета В. И. История крестьянских волнений в России. Минск, 1923 г. стар. 112.