Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Для ідэолёгаў эпохі 60 гадоў характарным зьяўляецца асаблівая ўвага да экономікі. Герцэн, напр., экономічную проблему кладзе ў грунт свайго соцыяльнага сьветапогляду. У стасунку да політычных пытаньняў ён выяўляе вялікі скэптыцызм і індэфэрэнтызм. Яго не захапляе лёзунг політычнай свабоды, парлямантарызму. Паводле яго поглядаў, сапраўдная свабода немагчыма без соцыяльнай і экономічнай роўнасьці. За політычнай свабодай Герцэн прызнае толькі гістарычнае значэньне. "Політычная свабода, - піша ён, - пры сваім нараджэньні дала сьвету гэрояў-волатаў, а потым вялікая асноўная думка революцыі хутка перагнула ў поліцыю, інквізыцыю, тэрор, прышла ў тупік. Зьмяніліся толькі дзяржаўныя формы, а формы жыцьця засталіся ранейшыя... Усё няшчасьце мінулых зваротаў ставіць уласнае апушчэньне экономічнага боку, які тады яшчэ ня быў настолькі сьпелым, каб заняць сваё месца. Тут адна з прычын, чаму вялікія словы ды ідэі засталіся словамі і ідэямі і-што горш таго, надакучылі".[1] Гэтак сама і Чарнышэўскі пераважнае значэньне надаваў экономіцы. Пытаньні політычнага ладу ён адсоўвае на самы задні плян і нават знаходзіў, што Сібір куды вышэй за Ангельшчыну.[2] Буржуазны лібералізм Чернышэўскі, як і Герцэн, сурова крытыкуе: "Лібэралізм разумее свабоду вельмі вузкім, чыста формальным чынам. Яна для яго заключаецца ў адцягненым праве, у дазволе на паперы, у адсутнасьці юрыдычнай забароны. Ён ня хоча зразумець, што юрыдычны дазвол мае цану толькі тады, калі ў чалавека ёсьць матэрыяльныя сродкі карыстацца з гэтага дазволу. Шасьцідзесятнік Міхайлаў у сваёй адозьве да "Маладога пакаленьня" праводзіць думку, што трэба абаперціся не на тых, хто політычна нездаволены, але па сутнасьці сыты і знаходзіцца ў дабрабыце, але на тых, хто экономічна прыгнечаны.[3]

Багушэвіч, загартаваны ў атмосфэры 60-х гадоў, гэтак сама ў аснову сваёй ідэолёгіі кладзе экономічную проблему.

Без экономічнага вызваленьня, і на яго погляд, ня можа быць сапраўднага шчасьця народу. Адсюль вынікаюць скэп-

  1. Ленин, іbіd. стар. 71.
  2. Плеханов Н. Г.-Чернышевский. СПБ, 1910 г., стар 319.
  3. Покровский М. Н., іbіd, стар. 158.